Зноў загучаў арган у Пінску

У Пінску праходзіць фестываль арганнай музыкі «Маці міласэрнасці», прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Гэты найбуйнейшы арганны фестываль на нашых прасторах распачаўся напрыканцы мая і завершыцца 21 ліпеня.


У 2019 г. скончыўся вялікі рамонт гістарычнага аргана ў пінскай катэдры. Як распавёў рэстаўратар Аляксандр Бурдзялёў, гэта ўнікальны інструмент, у якім захаваўся корпус і частка трубаў XIX стагоддзя. Першы барочны арган у катэдральным касцёле з’явіўся ў 1836 г., а ў 1936 г. адбылася яго капітальная перабудова. Цяпер пінскі арган мае барочныя, рамантычныя і неабарочныя рэгістры, што дазваляе выконваць на ім музыку розных эпохаў — ад старажытнай да сучаснай. Гэта надзвычай прыцягальна для музыкантаў, якім рэдка ўдаецца іграць на падобным інструменце, які захаваў першапачатковае гучанне. Таму можна лічыць, што з’яўленне арганнага фестываля ў Пінску было прадвызначана.

 

Спадар Аляксандр распавядае: «Даведаўшыся, што адбываецца аднаўленне гэтага ўнікальнага інструмента, знаёмыя маладыя арганісты зацікавіліся магчымасцю зайграць на гэтым аргане. Гэта вельмі цікавы і значны досвед для любога арганіста, бо найчасцей гістарычныя арганы знаходзяцца ў вельмі дрэнным стане, вельмі мала сярод іх добра настроеных і прыдатных для выканання. Гэтак узнікла ідэя правесці фестываль, якую адразу ж ухваліў пробашч касцёла, кс. Павел Врубель. Гэта стала своеасаблівым эксперыментам і выпрабаваннем для аргана, бо звычайна на гістарычных інструментах не іграюць так шмат. Выканаўцы адзначаюць, што на пінскім аргане граць вельмі прыемна, што пальцы нібы “ўрастаюць” у інструмент, і арган слухаецца, адказвае на кожны рух музыканта, што дазваляе перадаваць найменшыя нюансы, найдалікатнейшыя эмоцыі».

Дзякуючы высілкам кардынала Казіміра Свёнтка,
які здолеў арганізаваць рамонт інструмента ў 80-я гады,
механізм аргана захаваўся.

Кардынал Казімір Свёнтэк у свой час вельмі паспрыяў захаванню арганнай культуры Беларусі, арганізаваўшы і прафінансаваўшы першую арганалагічную экспедыцыю ў Беларусі. Таму надзвычай сімвалічна, што арганны фестываль у Пінску, любімым горадзе кардынала Казіміра Свёнтка, прысвечаны яго памяці.

Спадар Аляксандр распавёў, што дзякуючы кардыналу арган атрымаў дадатковыя рэгістры, цяпер іх дваццаць восем. Здавалася б, гэта зусім няшмат, але міжэпохавасць пабудовы робіць пінскі арган універсальным інструментам, на якім можна выконваць шырокі рэпертуар. Існуюць розныя школы арганнага выканання, і адзін і той жа твор на розных інструментах і ў розных выканаўцаў будзе гучаць асабліва, непаўторна, таму жыхары Пінска і госці фестывалю з іншых гарадоў і краінаў маюць цудоўную магчымасць пачуць найлепшую арганную музыку ў выкананні таленавітых музыкантаў з Беларусі і замежжа. Фестываль урачыста завершыцца ў гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка выкананнем Рэквіема з акампанементам аргана.

Пакуль невядома, які будзе далейшы лёс фестывалю, але ён можа стаць добрай традыцыяй, вельмі важнай для культурнай прасторы Беларусі. 


Юлія Шэдзько

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней