У перыяды Адвэнту і Божага Нараджэння мы ўсе, старыя ці маладыя, сур’ёзныя ці гарэзлівыя, становімся падобнымі да малых дзяцей, бо шчыра чакаем цуду, ператвараем свае дамы, кватэры і офісы ў ззяючыя казачным святлом агмені радасці і салодкага прадчування свята. Напружанасць працоўных дзён паціху спадае, вечары напаўняюцца спакоем, сем’і збіраюцца разам, і блізкія людзі становяцца яшчэ бліжэйшымі…
Менавіта таму снежаньскі нумар часопіса «Ave Maria» мы прысвяцілі адносінам бацькоў і дзяцей, а таксама праблемам выхавання ў каталіцкіх сем’ях.
У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка разважае пра тое, «як заахвоціць дзіця хадзіць у касцёл», прапануючы аднайменны артыкул. Аўтар узгадвае модную цяпер тэорыю «бясстрэсавага выхавання» і паказвае яе ўтапічнасць у рэальным жыцці. Адначасова святар дае канкрэтныя парады пра тое, як спакойна і эфектыўна матываваць дзяцей да наведвання катэхезы і ўдзелу ў набажэнствах.
Ірына Шмак у публікацыі «Чаму мы не любім?» распавядае пра шматлікія праблемы, з якімі сям’я можа сутыкнуцца ў парафіяльнай супольнасці, — пра непрыняцце ў складаных сітуацыях, пра залішнюю цікаўнасць людзей да жыцця канкрэтнага сужэнства і нават асуджэнне… «Калі мы такія поўныя любові хрысціяне, чаму ж мы тады не любім?» — задае пытанне аўтар і заклікае збочыць са шляху фарысейства на шлях прыняцця і дапамогі.
«Для Бога няма чужых дзяцей», — гэтак змястоўна акрэсліла тэму свайго артыкула Галіна Калевіч, якая знаёміць чытачоў з сям’ёю Грыгар’ян і распавядае пра клопаты, цяжкасці і радасці ўсынаўлення. «Вялікі боль пасяліўся ў іх сэрцах пасля наведвання дзіцячых дамоў, — піша аўтар пра сужэнцаў Аляксандра і Таццяну, — бо яны зразумелі, што сіроты там не чакаюць ад людзей разавай дапамогі альбо нейкай дабрачыннай акцыі, яны чакаюць мамаў і татаў».
Што ж, няхай кожнае дзіця і кожны дарослы дачакаецца цуду, і няхай святы Божага Нараджэння падтрымаюць у нас агонь веры ў Божую любоў і Божы Провід, які кожны момант чувае над намі!
Ганна Шаўчэнка
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00-18.00);
- у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

