У апошні час тэмай, што найбольш хвалявала католікаў усяго свету, стала ІІІ Надзвычайная сесія Сінода Біскупаў, прысвечаная сужэнствам і сям’і, якая праходзіла з 5 па 19 кастрычніка ў Рыме.
На сесіі была абвешчаная актуальная для абмеркавання тэма: «Пастырскія выклікі адносна сям’і ў кантэксце евангелізацыі». Гэта адно з самых вострых пытанняў, што стаіць перад сучасным Касцёлам, бо амаль кожны дзень мы чуем навіны, якія становяцца выклікам для веруючых: павелічэнне колькасці разводаў і гэтак званых грамадзянскіх сужэнстваў, асабліва сярод моладзі, легалізацыя аднаполых саюзаў і іншае. Да таго ж, нельга сказаць, што мы сутыкаемся з гэтымі праблемамі толькі праз тэлеэкраны: на жаль, і побач з намі жыве шмат нешчаслівых сем’яў, дзе няма паразумення і любові.
Разгляд праблемаў сучаснай сям’і працягнецца і ў кастрычніку наступнага года, каб вызначыць пазіцыю Касцёла ў гэтых няпростых пытаннях. Падчас пасяджэнняў гэтай сесіі Сінода быў падрыхтаваны тэкст дакумента Рэляцыі Сінода і праведзенае галасаванне па яго пунктах. Упершыню праца Сінода была вельмі празрыстаю для СМІ і для ўсіх людзей: напрыклад, больш за 1,7 мільёна чалавек сачылі за навінамі Сінода праз твітар. Акрамя таго, тэкст Рэляцыі будзе апублікаваны, як і вынікі таемнага галасавання, па кожным яе пункце.
Найбольш вострым пытаннем падчас гэтай сесіі Сінода стала пытанне месца, якое могуць заняць у Касцёле вернікі, што перажылі развод і жывуць у другім шлюбе, не маючы магчымасці прыступаць да сакрамэнту пакаяння і святой Камуніі. Нельга адпрэчыць таго, што навучанне Касцёла не стасуецца з многімі перакананнямі сучаснага свету, і асабліва гэта датычыць сям’і. Падчас сваёй прамовы кардынал Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады па справах еднасці хрысціянаў, сказаў: «Сакрамэнт сужэнства можа быць перажываны толькі ў веры». І задаў пытанне: «Якую веру маюць будучыя сужэнствы? У краінах са старажытнай хрысціянскай традыцыяй жывыя на працягу стагоддзяў, відавочныя для хрысціянскай веры традыцыі і натуральнае разуменне сужэнства і сям’і ляжаць зруйнаваныя. З’явілася шмат ахрышчаных, але не евангелізаваных людзей. Гэта ахрышчаныя катэхумены, калі не ахрышчаныя язычнікі». У сваёй прамове кардынал Каспер паставіў пытанне аб тым, што можа прапанаваць Касцёл вернікам, якія перажылі трагедыю разводу ў сям’і, а цяпер пакутуюць ад «сакрамэнтальнага голаду»: ці можа гэта быць «шлях навяртання, які вядзе да сакрамэнту міласэрнасці, сакрамэнту пакуты»? Кардынал адзначыў, што гэта магла б быць «не шырокая дарога для вялікіх масаў людзей, а вузкая сцежка для той малой часткі разведзеных, якія шчыра зацікаўленыя ў сакрамэнтах».
Пазіцыя кардынала Каспера выклікала гарачае абмеркаванне ўдзельнікаў Сінода. Цалкам іншае меркаванне выказаў амерыканскі кардынал Рэйманд Бёрк, сцвердзіўшы, што дыскусія пра ўдзяленне Камуніі разведзеным наогул не павінна адбывацца: «Навучанне Хрыста не дае нам ніякай магчымасці сумнявацца ў непарыўнасці сужэнства... Гэта было б ігнараваннем Праўды». Кардынал падкрэсліў, што Камунія — стан еднасці з Хрыстом, і хаця «кожны, хто змагаецца, можа ўпасці і зграшыць», будучы «ў стане смяротнага граху, ён не можа прымаць Хрыста. Каб зрабіць гэта, ён павінен прыступіць да сакрамэнту пакаяння, прызнаць свой грэх, шкадаваць аб ім і жадаць яго выправіць. Ён павінен змяніць жыццё, выправіць яго. І гэта шлях, які Касцёл здаўна прапануе таксама і разведзеным людзям. Аднак для многіх ён немагчымы», але гэта ніяк не перакрэслівае міласэрнасці. Трэба «ненавідзець толькі грэх і рабіць усё, каб аддзяліць грэх ад чалавека».
Кардынала Бёрка падтрымаў і мітрапаліт Вены кардынал Крыстоф Шонборн, кажучы: «Чаму мы размаўляем толькі пра разведзеных, нібы яны самыя гаротныя людзі ў свеце? Зразумела, што ім патрэбная ўвага, але чаму мы не кажам пра тыя пары, якія жывуць у нашым свеце як героі і дбаюць пра святасць і чысціню сужэнства, пра пары, якія з’яўляюцца прыкладам вернасці?». Ён звярнуў увагу на тое, што развод — трагедыя не толькі для сужэнцаў, але і для іх блізкіх, і асабліва для дзяцей: «Як вы можаце прасіць Камуніі, калі з прычыны парушэння прысягі, якую вы склалі, плён вашай любові — дзеці — цяпер пакутуюць?». Кардынал упэўнены, што «Касцёл павінен стаяць на баку адзінокіх і пакінутых, на баку церпячых... А гэта менавіта дзеці разведзеных і людзі, якіх пакінулі муж ці жонка», і задача Касцёла ў тым, каб нанова яднаць пары і весці іх па шляху пакаяння.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які быў прадстаўніком Беларусі на Сінодзе, таксама выступаў з прамоваю: «Я прапанаваў больш увагі звяртаць на хрысціянскае выхаванне моладзі, а таксама выступіў з прапановай звярнуцца да ўрадаў і грамадства ў розных краінах свету, каб тыя больш увагі звярталі на праблемы сем’яў і на іх падтрымку канкрэтнымі заканадаўчымі актамі, а таксама практычнай справай». Мітрапаліт адзначыў, што «свет імкнецца навязаць Касцёлу сваю ідэалогію адпрэчвання маральных каштоўнасцяў і жыцця антыкаштоўнасцямі. Таму варта няспынна маліцца за сем’і, бо сям’я — лакмусавая паперка маральнасці грамадства».
Над прынятаю Рэляцыяй Сінода біскупы будуць яшчэ працаваць на працягу ўсяго года, да наступнага Сінода, каб на ім прыняць канкрэтныя рашэнні па праблемах. Падчас прамовы на заканчэнне Надзвычайнай сесіі Сінода папа Францішак засцярог біскупаў ад абедзвюх крайнасцяў: быць выключна традыцыяналістамі, «упэўненымі ў тым, што нам вядома, а не ў тым, чаму мы яшчэ мусім навучыцца і чаго павінны дасягнуць», або прагрэсіўнымі лібераламі, поўнымі «дэструктыўнага наіўнага аптымізму, які ў імя падманнай міласэрнасці перавязвае раны, не загаіўшы іх, <...> лечыць сімптомы, а не прычыны і крыніцу хваробы».

Папа лічыць, што, нягледзячы на ўсе выклікі, з якімі мы сутыкаемся, нельга «схіляцца перад духам гэтага свету, а замест гэтага трэба ачышчаць яго і схіляць да Духа Божага». Трэба перадусім дбаць пра дабро Касцёла, сем’яў і найвышэйшы закон — збаўленне душаў. Ён адзначыў, што вельмі задаволены працаю Сінода і вострымі дыскусіямі па пытаннях, якія там разглядаліся: «Гэта Касцёл, <...> які не баіцца закасаць рукавы, каб заліць людскія раны алеем і віном (гл. Лк 10, 25–37), які не глядзіць на чалавецтва з крыштальнага замка, каб судзіць ці класіфікаваць людзей. Гэта адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл, што складаецца з грэшнікаў, якім патрэбная Божая міласэрнасць. Гэта Касцёл, сапраўдная Нявеста Хрыста, якая імкнецца быць верным свайму Жаніху і Яго вучэнню. Гэта Касцёл, які не баіцца есці і піць з распусніцамі і мытарамі (гл. Лк 15). Гэта Касцёл, які мае адчыненыя насцеж дзверы, каб прымаць тых, хто ў патрэбе і адчаі, а не толькі праведнікаў і тых, хто лічыць сябе дасканалымі! Касцёл не саромеецца свайго брата ва ўпадку і не робіць выгляд, што не бачыць яго, а наадварот, адчувае жаданне і абавязак падняць яго і падтрымаць, каб той працягнуў ісці, і будзе спадарожнічаць яму да апошняй яго сустрэчы з Жаніхом у Нябесным Ерузалеме».
Надзвычайную сесію Сінода завяршыла ўрачыстая падзея: беатыфікацыя папы Паўла VI, які займаў Святы Пасад падчас важнага для Касцёла часу пераменаў (1963–1978 гг.). Менавіта ён давёў да заканчэння Другі Ватыканскі Сабор і пачаў ажыццяўленне яго рашэнняў: літургічнай рэформы, адраджэння Сінода Біскупаў, распачаў экуменічны і міжрэлігійны дыялог. У складаны гістарычны час рэлігійнай абыякавасці і маральнага рэлятывізму ён здолеў падтрымаць веру ў Касцёле і падрыхтаваць добрую глебу для плённай дзейнасці свайго наступніка — цяпер ужо святога Яна Паўла ІІ.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Паводле сайтаў: catholic.by; vatican.va; gosc.pl; tygodnik.onet.pl; m.deon.pl; ekai.pl.