Кожны хрысціянін ведае, што ён створаны на вобраз і падабенства Божае. Ці накладвае гэта на нас адказнасць? Мы, удзельнікі рэкалекцый у Росі, што на Гарадзеншчыне, два дні разважалі над гэтымі і многімі іншымі пытаннямі. Два дні малітваў, цікавых канферэнцый кіраўніка рэкалекцый ксяндза Джона Башаборы з Уганды, гутарак са знаёмымі і яшчэ нядаўна незнаёмымі людзьмі. Два шчаслівых дні ў Росі, напоўненыя Божай ласкай і Яго святой Прысутнасцю…
Што прывяло нас у Рось?
Большасць з нас, хто прыехаў сюды зблізку і здалёку, удзельнікі руху «Адновы ў Духу Святым». 1 чэрвеня на сустрэчы ў Рыме з удзельнікамі гэтага руху папа Францішак сказаў: «Вы атрымалі Святога Духа, які адкрыў вам любоў Бога да сваіх дзяцей і любоў да Божага слова». Любоў да Божага слова і імкненне жыць паводле яго, жаданне адкрываць іншым гэтую бяздонную крыніцу Божай ласкі і любові, штодня дасканаліцца самім — такая штодзённасць гэтага руху. Шматлюдныя ж сустрэчы, якія ладзяцца час ад часу і ў якіх прымаюць удзел усе жадаючыя, а не толькі яго ўдзельнікі, даюць новы зарад духоўнай сілы.
Былі сярод удзельнікаў рэкалекцый і тыя, хто ніколі нават не чуў пра рух «Адновы...», але затое яны чулі, што на падобных малітвах адбываецца шмат аздараўленняў, што Пан Бог нейкім асаблівым чынам благаслаўляе людзей, якія збіраюцца для таго, каб не толькі ўмольна прасіць у Яго чагосьці, няхай сабе і вельмі патрэбнага, але найперш прагнуць разам маліцца, дзякаваць Яму і славіць Яго.
Менавіта таму ў парафію Святой Тройцы ў Росі час ад часу прыходзяць лісты са сведчаннямі ад тых, хто ўдзельнічаў у падобных рэкалекцыях, якія ў розныя часы тут праводзілі знаныя ў свеце харызматыкі — айцец Руфус Пярэйра, ксёндз Ян Рэчэк, айцец Джэймс Манджакал… Людзі расказваюць пра тое, што Пан Бог даў ім у часе такіх рэкалекцый: каго аздаравіў ад цяжкой хваробы, каму дапамог наладзіць адносіны ў сям’і, аднавіць даўно парваныя, скалечаныя повязі, каго паблагаславіў нараджэннем чаканага шмат гадоў дзіцяці. Сёлета ў парафіі святкуюць своеасаблівы юбілей — дзесяцігоддзе такіх харызматычных сустрэчаў. Пра гэта з удзячнасцю Пану Богу нагадаў пробашч, заўсёдны ініцыятар і «рухавік» такіх сустрэчаў ксёндз Часлаў Паўлюкевіч. Людзі сустрэлі ягоныя словы бурнымі воплескамі ўдзячнасці.
Госць з Уганды
Чаму менавіта ён, святар з далёкай Афрыкі Джон Башабора, быў запрошаны сёлета правесці рэкалекцыі ў Росі? Мабыць таму, што многія з нас марылі пабыць на ягоных рэкалекцыях і маліліся, каб яны адбыліся. Ён, шырока вядомы ў свеце, нястомны працаўнік на Божай ніве, з гатоўнасцю адгукаецца на такія запрашэнні. Летась у Польшчы на сустрэчу «Езус на стадыёне», якую ён праводзіў, сабралася 60 тысяч чалавек. У Росі ўсяго нас было 3 тысячы. У Лідзе, куды ксёндз Башабора паехаў пасля нашых рэкалекцый, гаварылі пра 15 тысячаў. Ды не ў гэтым нават справа, але ў тым, што Бог часта прамаўляе да вернікаў праз гэтага чалавека, як прамаўляе Ён і да тых шматлікіх дзяцей ва Угандзе, чыё жыццё змянілася да лепшага дзякуючы святару Джону Башабору, бо ён заснаваў дзве пачатковыя і дзве сярэднія школы, а таксама два дзіцячыя дамы, у якіх знайшлі прытулак больш за пяць тысячаў сіротаў.
Ксёндз Башабора вельмі любіць сваіх выхаванцаў і гатовы бясконца пра іх расказваць. Ён памятае іх балючыя гісторыі, ведае іх лёсы. Той з чытачоў, хто карыстаецца інтэрнэтам, можа, дарэчы, паглядзець дакументальны фільм «Дух», значная частка якога прысвечана служэнню ксяндза Джона Башаборы. Там жа вы сустрэнецеся і з ягонымі шматлікімі дзецьмі… Там зможаце пазнаёміцца з іншымі служыцелямі і іх служэннем.
Што нас абцяжарвае?
Нашы ўласныя грахі. Шматлікія вераванні нашых продкаў, часта далёкія ад хрысціянства. Нежаданне прабачаць. Залішняя засяроджанасць на ўласных праблемах і нежаданне бачыць беды іншых людзей. Ксёндз Башабора нястомна нагадваў, што ў рэкалекцыях прымаюць таксама ўдзел святары, якія гатовы служыць нам сакрамэнтам споведзі. Шчыры дзякуй усім ім ад усіх нас, каму спатрэбілася іх паслуга. Святароў па шчаслівым супадзенні было 33, і яны не стамляліся слухаць нашыя споведзі пад спякотным сонцам. А ў гэты самы час рэкалекцыяніст не стамляўся гаварыць, пераконваць, вучыць малітве. Мы разам маліліся за ўвесь свет і за нашу краіну, за яе ўлады, святарства, за нас саміх, нашых родных, блізкіх, сяброў. У кожнага з нас так шмат тых, каго мы нібы нясем на сабе па жыцці, нясем груз іх праблемаў, цяжараў… Навучыцца аддаваць, давяраць усё гэта Богу, які здольны вырашыць іх, змяніць альбо ўмацаваць чалавека настолькі, што тыя цяжары й праблемы стануць для нас не такімі цяжкімі. А для гэтага так важна навучыцца глядзець на свет і ўсё, што ў ім адбываецца, вачыма веры.
Рэкалекцыі — той час, калі Бог аднаўляе нас. Таму так важна ўдзельнічаць у іх без «парасона» над галавой.
«Закрый свой парасон...»
Наш рэкалекцыяніст валодае тонкім пачуццём гумару, і таму прыкасцёльны пляц час ад часу ўзрываецца смехам. Шматлікія прыклады з ягонай святарскай практыкі, шматлікія гісторыі — усё гэта падаецца ненавязліва, з добрым, даверлівым стаўленнем да нас, нашай краіны, да таго, што перажывае цяпер свет. Часам рэкалекцыяніст ужывае, так бы мовіць, наглядныя прыклады.
— Вы прыйшлі сюды, — кажа ён, — бо спадзяецеся атрымаць Божыя ласкі. Для таго ж, каб тыя ласкі трапілі да вас, не адгароджвайцеся ад Бога, але адкрыйцеся Яму.
Потым рэкалекцыяніст кліча жанчыну і працягвае ёй... раскрыты парасон. Жанчына стаіць пад ім, а наш шаноўны госць весела так пачынае ліць на парасон зверху ваду і пытае ў жанчыны:
— Кроплі вады на Вас трапілі?
— Не.
— Паспрабуем яшчэ… А цяпер трапілі?
— Не.
— Бо Вы стаіце пад парасонам! Калі Вы хочаце, каб Божая ласка трапіла на Вас, не закрывайцеся ад Пана Бога парасонам!
…Цікава пры гэтым было назіраць рэакцыю некаторых людзей. Паколькі мы сядзелі пад спякотным сонцам, то некаторыя закрываліся ад пякучых промняў парасонамі, што, дарэчы, стварала пэўную нязручнасць для суседзяў, асабліва для тых, хто сядзеў ззаду. Але... некаторыя ўладальнікі парасонаў зразумелі літаральна словы святара і паслухмяна склалі свае парасоны!.. Тым часам святар казаў нам пра штосьці іншае! Ён вобразна вучыў нас не закрывацца ад Бога. Механічны парасон скласці, вядома, прасцей. Нашмат цяжэй скласці той, які аддаляе нас ад Бога нашай непаслухмянасцю, непрабачэннем, нежаданнем бачыць іншага чалавека, а тым больш — успрымаць яго такім, які ён ёсць…
Дакраніся да сэрца Езуса
— Бог даў табе любоў і зрабіў цябе сваім сябрам, каб ты жыў у Ягонай Любові, — цвёрда, пераканаўча гаварыў святар Джон Башабора. — «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові» (пар.Ян 15,9). Як цябе любіць Езус, так і ты павінен любіць іншых. Не ацэньваць, а заступацца за іх. У гэтым заключаецца наша служэнне — быць святарскім народам. Калі мы будзем асуджаць людзей, яны не зменяцца. А менавіта гэтага і хоча д’ябал. Калі мы кагосьці асуджаем, д’ябал радуецца, таму што мы становімся ягонай зброяй у асуджэнні іншых людзей.
Маці Тэрэза з Калькуты вучыла: «Ненавідзь грэх, але любі грэшнікаў». Менавіта так любіць людзей Бог.
— Што ты адчуваеш у сваім сэрцы? — задаваў нам рэкалекцыяніст пытанне. — Ці хочаш ты прабачыць чалавеку, які цябе пакрыўдзіў? Бо калі ты не прабачаеш, ты адкрываеш акно д’яблу. Калі ж ты прагнеш прабачыць — Бог прыйдзе ў тваё сэрца, будзе дзейнічаць у ім і дасць табе сілу, каб ты любіў свайго бліжняга, каб прабачыў яму. І ты будзеш аздароўлены, вызвалены ад кайданаў непрабачэння.
Мы павінны глядзець на людзей не як на камуністаў, злодзеяў, злачынцаў, распуснікаў, разведзеных, а як на вобраз Божы. Мы павінны маліцца за іх, заступацца перад нашым Айцом, каб і яны вярнулі сабе вобраз Божы, той, які быў закладзены ў іх самім Богам…
На жаль, мы часта самі гаворым кепскія рэчы і дазваляем іншым гэта рабіць, — скрушна казаў Джон Башабора. — Мы любім крытыкаваць, пляткарыць замест таго, каб маліцца за людзей. А пляткарства выклікае ў нашым целе рэўматызм. Не здзіўляйцеся тады, чаму так баліць нашае цела, чаму ўзнікаюць многія і многія хваробы. Калі мы пляткарым, мы распаўсюджваем няпраўду пра іншых людзей, мы іх укрыжоўваем. А наша заданне — не ўкрыжоўваць людзей, а заступацца за іх. Мы павінны не прыніжаць іншых, а падымаць іх, падтрымліваць, падбадзёрваць.
Не стамляцца звяртацца да Айца…
На гэтых, як і на іншых рэкалекцыях, было шмат малітвы. Мы маліліся за сябе, свае сем’і, за суседзяў, якія разам з намі ўдзельнічалі ў рэкалекцыях. Мы нібы наноў вучыліся звяртацца да свайго Нябеснага Айца — з даверам і любоўю. І ўвесь час маліўся наш рэкалекцыяніст. Таму гэтыя нататкі з рэкалекцый у Росі я скончу таксама малітвай. Памолімся разам ягонымі натхнёнымі, поўнымі даверу словамі:
«Удыхні ў нас, Пане, Тваё дыханне, наноў ажыві нас, каб мы штодня адчувалі, што мы — Твае дзеці. Прыйдзі, Дух Святы, Стварыцель, вяртай нас да нашага Айца! Мы прагнем заўсёды быць сынамі і дочкамі Бога Айца! З’яднай нас, Дух Святы, з Езусам…
Пане Езу! Адары нас сваёй любоўю, радасцю ў нашых сем’ях, у нашай краіне, у нашых сэрцах. Умацуй нас, Езу, у Тваёй любові. Амэн».
Ірына Жарнасек.
Фота Уладзіміра Спірыдовіча.