«Каб дзейнічаў ува мне і праз мяне...»

Святарскае пасвячэнне ў Віцебску

Ардынарый Віцебскай ды­яцэзіі Алег Буткевіч удзя­ліў святарскае пасвячэнне выпускніку Вышэйшай духоўнай семінарыі дыяцэзіі П’ячэнца-Бобіа (Італія) ды­якану Аляксею Ляшко.

Урачыстасць адбывалася ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага і прайшла ў цёплай, зычлівай, прыязнай атмасферы. І невыпадкова: Аляксей Ляшко — нараджэнец Віцебска і, як зазначыў біскуп Алег, ці не першы за 100 гадоў новапрэзбітэр мясцовага паходжання. З часу ўтварэння ў 1999 годзе дыяцэзіі некалькі віцябчанаў пачыналі (а некаторыя нават і скончылі) вучобу ў духоўных семінарыях, але з розных прычынаў так і не дайшлі да сакрамэнту пасвячэння.   

Аляксей Ляшко нарадзіўся ў 1980 годзе. Сакрамэнт Першай Камуніі атрымаў у дзевяцігадовым узросце ў знакамітай парафіі святой Ганны ў вёсцы Мосар на Глыбоччыне. Па сканчэнні школы вучыўся на юрыдычным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Пасля вучобы пяць гадоў працаваў юрыстам. У 2008 годзе быў накіраваны біскупам Уладзіславам Блінам на вучобу ў П’ячэнца. Дыяканскія пасвячэнні атрымаў з рук біскупа Джанні Амброзіа ў 2013 годзе.

Як кажа сам новапрэзбітэр, святарскае пакліканне ён адкрыў у сабе дзякуючы ксяндзу прэлату Юзафу Бульку з Мосара і ксяндзам Адаму Дынаку ды Сяргею Сурыновічу, якія ў розны час выконвалі абавязкі пробашча ў віцебскай парафіі Святога Духа. Варта адзначыць, што і падчас вучобы ў няблізкім замежжы Аляксей не парываў сувязяў з вернікамі роднага горада, прыязджаючы на канікулы, заўсёды актыўна і ахвотна ўдзельнічаў у літургіях, спатканнях, у добраўпарадкаванні тэрыторыі катэдральнага касцёла. 

На ўрачыстасці пасвячэння прысутнічалі святары і манашкі, вернікі  з розных парафій дыяцэзіі, сваякі і сябры новапрэзбітэра. З П’ячэнцы нават прыехаў рэктар семінарыі ксёндз прэлат Казімір Стэльмах. Для кожнага з іх знайшліся ў ксяндза Аляксея добрыя словы падзякі за падтрымку на нялёгкім шляху да святарства. Асабліва ж прачулымі былі тыя словы на адрас маці Ларысы Васільеўны і бабулі Ганны Аляксандраўны, якая, паводле словаў Аляксея, перадала яму гэты цудоўны скарб — дар веры, і, нягледзячы на 90-гадовы ўзрост, таксама прыйшла ў касцёл у гэты цудоўны летні дзень. На жаль, не паспеў парадавацца за сына заўчасна памерлы ў 2011 годзе бацька Аляксея Сяргей Антонавіч.

Прыміцыйная Імша ксяндза Аляксея Ляшко адбылася на наступны дзень, у віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага. Шмат людзей прыйшло падтры­маць земляка на пачатку дзейснага служэння Богу, раздзяліць з ім радасць уступлення на нялёгкую сцяжыну душпастырства.

 

Прыміцыйная св. Імша ў Віцебску

У дзень Найсвяцейшай Тройцы ў віцебскім катэд­ральным касцёле Езуса Мі­ласэрнага адбылася прымі­цыйная Імша маладога святара Івана Кароткіна. Цэлебраваная, паводле раскладу Імшаў, для дзяцей, яна сабрала шмат для такой пары года людзей і сярэдняга, і сталага веку. І зразумела: прыход у парафію новага душпастыра — з’ява не кожнага дня.

Ксёндз Іван Кароткін паходзіць з парафіі святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, што ў вёсцы Урбаны на Браслаўшчыне. У 2007 го­дзе, па сканчэнні сярэдняй школы, паступіў на вучобу ў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. Дыяканскае пасвячэнне атрымаў у 2012 годзе з рук нунцыя Апостальскай Сталіцы Клаўдыё Гуджэроцці. Са жніўня 2013 года выконваў дыяканскую паслугу ў глыбоцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы. 3 мая 2014 года на радзіме, у Браславе, атрымаў з рук біскупа Алега Буткевіча святарскае пасвячэнне. З 8 чэрвеня гэтага года прызначаны вікарыем парафіі Езуса Міласэрнага. 

З людзей, якія паўплывалі на выбар яго жыццёвага шляху, станаўленне і развіццё веры, ксёндз Іван найперш называе маці Яніну Эдуар­даўну. Удзячны і бацьку, Мі­калаю Паўлавічу, за дар жыцця, за выхаванне. А яшчэ — сёстрам эўхарысткам з Браслава Антаніне Багдановіч і Таццяне Салодкай за выдатныя ўрокі катэхезы.  

У сваім прыміцыйным ка­занні ксёндз Іван сказаў: «Прашу Бога, каб спраўна дзейнічаў ува мне і праз мяне». Мяркуючы па тым, як цікава і змястоўна пабудаваў ён дыялог з дзецьмі падчас таго ж казання, як лёгка знайшоў узаемаразуменне з імі, гэтая просьба маладога святара не застанецца незадаволенай.   

Вернікі парафіі Езуса Мі­ласэрнага шчыра вітаюць ксяндза Івана Кароткіна і зычаць яму трываласці і пастаяннай Божай апекі на святарскім шляху. 

Францішак Дубраўскі.

Фота Анатоля Бандарчука.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней