Зімовы пленэр у Будславе

Ідэя мастацкіх пленэраў на Мядзельшчыне была ў мяне яшчэ з тых часоў, калі мы набылі свае лецішчы з сябрамі суполкі «Пагоня» на знакамітых Блакітных азёрах, на Балдуку.

...Колькі разоў быў сведкам летніх пілігрымак у Будслаў (гэта амаль па дарозе на Нарач), а вось узімку намаляваць будслаўскі касцёл мяне натхніла сёлета цудадзейнае ўздзеянне абраза Маці Божай Будслаўскай на тых, хто звяртаецца да Яе з малітваю, вядомай з даўніх часоў, калі абраз толькі з’явіўся на Беларусі. І, як кажа пробашч касцёла айцец Віктар Бурлака, першы цуд з сямі цудаў Беларусі — гэта тое, што ён захаваўся да нашых дзён амаль не пашкоджаны...

Цудадзейны абраз быў напісаны італьянскім майстрам. Сюжэт абраза просты — маленькі Езус праваю рукою як бы благаслаўляе, а леваю рукою падае Маці гранат. Зярняткі граната — як сімвал мноства душаў веруючых людзей...

Перад вачыма — чырвань граната і белы снег...

Асацыяцыі вярнулі мяне ў сямідзясятыя гады, дакладней, у красавік 1972 года.

Калісьці я быў удзельнікам моладзевай мастацкай выставы, на якой экспанавалася мая скульптура «Маці з дзіцем». Выразны сілуэт камазіцыі быў змешчаны на першай старонцы часопіса «Творчасць» (№ 4), і гэтым быў пазначаны мой першы крок у прафесійнае мастацтва. Увогуле першая мая прафесія — скульптура, але ў апошнія гады я займаюся жывапісам, захапляе й традыцыйнае кавальства Беларусі... Калісьці ў юнацтве я правёў цэлае лета на радзіме сваіх продкаў у вёсцы Старына, на Чэрвеньшчыне, — дапамагаў бацькаваму стрыечнаму брату, дзядзьку Міколу, кавалю... Пра тыя незабыўныя ўражанні напісаў паэтычную імпрэсію «Сонцакрыж».

Сонцакрыж

Уначы грымела навальніца. Часам біў пярун.
Маці хрысцілася і супакойвала нас. Стомленыя страхам ад роскатаў грому, малыя хаваліся пад коўдру і засыналі...
На раніцу спалі доўга, сонца ўжо паспявала высушыць глебу,
а ад начнога дажджу заставаліся сляды маленькіх каньёнчыкаў высахлых ручаёў, у якіх, калі добра ўгледзецца, можна было назбіраць
жменьку цікавых каменьчыкаў, жменьку прыгожых шкельцаў, ды нават знайсці некалькі медных манетаў.
Часам трапляліся зусім малазразумелыя металічныя рэчы, аб прызначэнні якіх мы маглі толькі здагадвацца.
Час усё гэта моцна так ператрусіў, так спрасаваў, што толькі па гэтых рэштках-слядах мажліва ўзгадаць аб нечым у мінулым...
Зямля была абмыта дажджом настолькі чыста, што здавалася, ніводная пылінка не магла ўзняцца ў паветра; ад гэтага неба рабілася асабліва блакітным, празрыстым і чыстым.
Недзе апоўдні пачыналі праплываць белыя пухавіны аблокаў, што як плылі сабе, так і плывуць, а час і зямля назапасілі мноства новых парэшткаў-слядоў...

Зямля і Неба!..
Бацька і Маці.
Сонца і Крыж...
Дзе сляды нашыя? Ці не ў промнях
СОНЦАКРЫЖА?..
Бацька Крыж!
Маці Сонца!
Промні СОНЦАКРЫЖА ззяюць вечна!

* * *
Гэта травінка, гэты каменьчык.
Сонца адбітак, у крыніцы праменьчык.
Свет над Бажніцай на захад ці ўсход,
Гэта і смутак, і радасць, і ўзлёт...

Гэта жыццё і душа чалавека
Над Беларуссю лунаюць спрадвеку.
Час і прастора ў кругазварот,
Сімвалам-верай пазначан народ.

Воблакам-хмараю неба засціла,
Чорным крылом СОНЦАКРЫЖ засланіла,
Выпусціў з рук бліскавіцы Даждж-бог,
У цемры заззялі скрыжалі дарог.

Віліся з попелам груганоў зграі,
Ветры ў званіцах званы калыхалі.
Не абуджаецца стомлены люд —
Дзе знайсці сілу, каб пазбавіцца пут?

Цяжка са стогнам мяхі ўздыхнулі,
Стылае вугалле ветрам кранулі,
Хваляю ўецца жалезны прамень,
Гартам ствараецца сонцаструмень.

Так і сплываюць у прасторы і часе
Цяжар журбы, радасці, слёзы...
Лёс наш такі — выпрабаванне,
Сонцакрыжа вечнае ззянне...

* * *
А ўвечары над дахам запальвалася сем зорак
Вялікага Звязу...
Згадваючы пра тое, што пад гэтым дахам мясціліся сем родных тоесных душаў...
Наплывала ціхая, празрыстая летняя ноч...

...А цяпер зіма. Збіраючыся ў Будслаў, хваляваўся, як там дарога? Ці дабяруся да месца зімоваю парою на сваёй «Таёце»? Але надвор’е выдалася спрыяльнае, асаблівага снегападу не было. Да Даўгінава шлях мне знаёмы, а там ужо і Будслаў побач. Сумёты снегу абапал дарогі вымагалі быць уважлівым. У вандроўку (з гарачым сэрцам) выбраўся адзін — маляваць у зімовае надвор’е нікога не знайшлося... Да Вілейскага вадасховішча яшчэ было колькі машын — людзі ехалі на зімовую падлёдную рыбалку. Ад Касцяневічаў дарога пайшла праз лес — засыпаныя снегам хвоі былі вельмі маляўнічыя (часам прыпыняў машыну і фатаграфаваў).

...Велічны храм уразіў сваёю архітэктурнай дасканаласцю, нават нейкай скульптурнасцю ў стылі барока, пераходзячага ў класіцызм...

Прастора плошчы, замеценая снегам, надавала касцёлу яшчэ большую ўрачыстасць... Архітэктурная структура галоўнага фасада, вертыкальныя пілястры і калоны, нібыта ружовы арган, гучалі «зімовай сімфоніяй». Пасля кароткай сустрэчы з пробашчам айцом Віктарам, які паказаў мне касцёл, трэба было спяшацца брацца за працу, пакуль не сцямнела. Зімовыя дні кароткія... Алейныя фарбы на марозе хутка ператвараюцца ў густую пасту... Мая звычка не апранаць рукавіцаў ці пальчатак на холадзе змушала працаваць хутка. Галоўнае было зафіксаваць убачанае менавіта ў такіх умовах... Адчуваў сябе, як птушка, — спяшайся, мастак, занатаваць... Потым дапрацоўваў у майстэрні...

А колькі нязвыклых уражанняў выклікала аптычная грызайль, напісаная на біблійныя тэмы! Здзівіла і дасканала намаляваная кампазіцыя сюжэта «Папа Клімэнт VIII перадае абраз мінскаму ваяводу». І гэта зроблена ў далёкіх XVII–XVIII стагоддзях у нас на Беларусі!.. Нашымі майстрамі! Ёсць згадкі, што манументальныя аптычныя грызайлі зробленыя мастаком Казімірам Анташэўскім. Як усё сімвалічна пераплятаецца!.. У маёй майстэрні на варштаце ўжо каля дваццаці гадоў стаіць фігура Людвіка Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі) — прачытаў у нарысе пра Мінск, што Сыракомля згадваў пра мінскага мастака Казіміра Анташэўскага...

...Будслаў усё як бы спіць. Заснаваны ў 1504 годзе, што пазначана пры ўездзе ў мястэчка, ён не ператварыўся ў буйнае месца за гэтыя стагоддзі. І ўражвае менавіта будслаўскі касцёл — сваёю веліччу... Колькі святыняў панішчана на Беларусі, а гэты касцёл захаваўся да нашых дзён...

Маці Божая Будслаўская адорвае сваёю ласкаю людзей і спрыяе ўсім нам так, як могуць спрыяць нам нашы зямныя маці. Памятаю, як калісьці мая сяброўка Хрысціна распавядала мне пра тое, як маці ў маленстве будзіла яе ўранку, каб не спазнілася ў школу. Цеплыня матчынай рукі, якая, нібы сонечны праменьчык, ласкава кранала яе твар, дагэтуль памятаецца ёй...

Так вось і мне мая маці, ужо цяжка хворая, гладзіла рукі й казала: «Твае рукі — мае рукі, успомніш, калі мяне не будзе...»

Намаляваў я будслаўскі касцёл па просьбе рэдакцыі часопіса «Наша вера». Намаляваў яго з радасцю і з адчуваннем творчага шчасця, бо дакрануўся да нашай спрадвечнай святыні, і для мяне гэта было не цяжарам, а прыгожаю прыгодаю і аднадзённым зімовым пленэрам...

Алесь Шатэрнік,
студзень 2013 г.
Фота аўтара.

  {gallery}2013-03-1{/gallery}  

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней