Другая нядзеля Вялікага посту, год В (01.03.2015) «І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: “Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі”. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: “Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце”. І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.
Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне. Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць “уваскрэснуць”» (Мк 9, 2–10).
І верыць, і давяраць
Ці можна верыць Езусу Хрысту? Ці можна верыць Богу? Гэта пытанне, на якое павінен адказаць кожны хрысціянін, вучань Хрыста. Прашу не блытаць гэтае пытанне з іншым: «Ці веру я ў Бога?» Прачытаўшы «Credo», як мы гэта робім кожную нядзелю, варта задумацца: ці давяраем мы Богу? Гэта наступны крок. Можна проста прызнаваць, што існуе Нехта, але якая з гэтага карысць, калі на гэтым мы затрымліваемся? Можна мець бацькоў, настаўнікаў, кіраўнікоў на працы, але калі іх словы для нас нічога не значаць, калі мы робім па-свойму, то іх уплыў на нас невялікі. Калі гэтак жа мы ставімся і да Божых словаў, гэта не змяняе нашага жыцця.
На гары пра Езуса сведчыць Бог-Айцец, сведчаць прарокі, сведчыць сам Езус, перамяняючыся перад вучнямі. Езус дае ім магчымасць убачыць Яго ў славе, каб умацаваць перад выпрабаваннямі. Ён заклікае таксама і нас нанова Яго адкрыць, паказвае, што варта Яму даверыцца, нават калі наперадзе няпэўнасць і выпрабаванні. Ці пераканае нас такое сведчанне, каб паверыць Хрысту?
Айцец Павел Мажэйка OP