Сэрца чакала…

З кнігі сведчанняў пра ўратаваных дзяцей, якую рыхтуе да выдання фонд «Адкрытыя сэрцы».


Апавядае Аксана Макеенка, валанцёр фонду «Адкрытыя сэрцы»:

«Выходжу з аддзялення і чую размову мужчыны і жанчыны, якія падымаюцца па лесвіцы. „Куды яны ідуць? — праслізнула думка ў галаве, — у дзіцячую артапедыю ці сюды, на пяты паверх?..“ Не, не ў артапедыю — яны ўпэўненым крокам падымаюцца ў неадкладную гінекалогію. Пакет. Накіраванне. Заклапочаная, стомленая жанчына. І мужчына, нібы высокі падлетак. Я напрамую сказала ім: „Я вас сюды не пушчу, вам сюды не трэба“. І загарадзіла сабою ўваходныя дзверы. Жанчына паглядзела на мяне са здзіўленнем. „Я не жартую!“ — зноў сказала я. Складана растлумачыць, што ў той момант адбывалася са мною, чаму я менавіта так сябе паводзіла. Мужчына вымавіў ледзь чутна: „Можа, сапраўды не трэба?“

Пасля нядоўгай паўзы я спытала, як завуць жанчыну. Яна, неяк зусім проста, адказала: „Таня“. У гэты момант нешта адбылося, яна сама пачала хутка гаварыць, мне заставалася толькі слухаць. Таня расказала, што гэта трэцяе дзіця (ужо ёсць два сыны), у мужа перыядычна бываюць праблемы са спіртным, што яны жывуць са свякроўкаю ў двухпакаёвай кватэры і г.д. Яна нібы шукала магчымасці, каб распавесці іншаму чалавеку ўсё сваё жыццё. Пасля яе аповеду я прапанавала: „Дайце мужу шанец. Усё можа змяніцца. Бог не пакідае. Ён побач заўсёды“. Таццяна ажывілася. Спытала: „Ці ёсць у нас хрысціянскія цэрквы, але не праваслаўныя?“ Як высветлілася пазней, яна з дзяцінства хадзіла ў евангельскую царкву. „Знойдзем!“ — запэўніла я яе. І мы сышлі».

Таццяна нарадзіла цудоўную дзяўчынку Сафію. Яе сям’я пасябравала з валанцёрамі фонду. Спачатку сям’і была неабходна матэрыяльная падтрымка, але, хутчэй за ўсё, яны проста хацелі пераканацца ў тым, што сапраўды не адны: неўзабаве пасля нашай першай размовы Тані прыйшлося легчы ў бальніцу, а ў яе не было нават прыстойнага халата, і яна звярнулася па дапамогу. Пазней прызналася, што муж хацеў праверыць, ці сапраўды мы дапамагаем жанчынам або гэта ўсё пустыя словы. Як жа ён быў здзіўлены, калі дзякуючы неабыякавым людзям мы змаглі забяспечыць іх тым, што неабходна на першы час: ложачак, каляска, цацкі, дзіцячае адзенне.

Мы звярнуліся да Таццяны з просьбаю падзяліцца сваёй гісторыяй і напісаць некалькі радкоў для жанчын, якія стаяць перад складаным выбарам. Мы ўжо заканчвалі рэдагаваць яе гісторыю, калі адбылося дзіўнае — муж Мікалай сказаў, што і яму ёсць чым падзяліцца. Вельмі нязвыкла чуць такія словы ад мужчыны, бо лічыцца, што ўсё, што звязана з нараджэннем дзіцяці, — гэта «жаночая» тэма.

Апавядае Мікалай:

«Навіна пра тое, што мы цяжарныя, для мяне была не проста нечаканаю, яна мяне шакіравала! Хацелася захаваць дзіця, але я не ведаў, як мы будзем жыць. У нас ужо двое дзяцей, жылля свайго няма, грошай няма, падтрымкі няма, і што скажуць сваякі?.. І я прыняў рашэнне рабіць аборт, дакладней, мая жонка зразумела гэта па маім маўчанні.

Прыехаўшы ў паліклініку, мы доўга хадзілі з аднаго кабінета ў іншы. Потым нас адправілі ў аддзяленне, але ісці не хацелася. Складана апісаць, што адбывалася ўнутры: жаль (што не можам пакінуць гэтую малечу), разуменне сваёй немачы, бяссілля, злосць на саміх сябе. Мы не можам яго пакінуць, казаў розум, а сэрцам я адчуваў, што гэта няправільна. Было вялікае жаданне сысці адтуль, але сам я рашыцца на гэта не мог. Мне патрэбна была нечая падтрымка, каб мяне нехта падштурхнуў.

Сустрэчу з Аксанаю памятаю цьмяна (у галаве круцілася шмат думак, быў як у тумане). Пасля размовы я зразумеў, што мы робім няправільны крок: мы павінны захаваць дзіця!

Мужчыны, дапамажыце ва­шым жонкам зрабіць адзі­ны правільны выбар — нараджаць! Падтрымайце іх у гэты адказны момант жыцця. Праяўляючы ўвагу, пяшчоту і клопат, вы становіцеся на абарону душэўнага спакою вашай жонкі, ці гэта не мужнасць? Гэта ваша сям’я, вашыя дзеці і жонка. Нам, мужчынам, трэба навучыцца браць на сябе адказнасць, клапаціцца, абараняць і аберагаць сваю сям’ю».

Апавядае Таццяна:

«Жыццё пачало наладжвацца. Дзеці падраслі, муж кінуў піць і стаў больш зарабляць, я ўладкавалася на працу. Калі даведалася, што цяжарная, усе мае мары абрынуліся. У нас не было свайго жылля, мы жылі ў двухпакаёвай кватэры разам са свякроўкаю (у адным пакоі — мы, у другім — яна). І адносіны з ёю таксама былі не вельмі добрымі.

„Я не спраўлюся з трэцім, калі ён будзе такі ж шумны і актыўны, як і іншыя дзеці. Я стамілася, вельмі стамілася... а калі гэта будзе дзяўчынка? Я так марыла пра дзяўчынку“, — такімі былі мае думкі. Спытаўшы ў мужа, ці будзе ён дапамагаць з дзіцем, я ўбачыла яго ваганні. Зразумела, што давядзецца рабіць аборт. Рашыцца на гэты крок было вельмі цяжка, але ў душы цеплілася надзея, што нешта перашкодзіць гэтаму. Аналізы здадзены. Мне далі накіраванне ў шпіталь. Былі вельмі дзіўныя адчуванні, унутры ўсё пратэставала, я спрабавала сябе супакойваць. Думала, што ўсе гэта робяць, што змагу жыць пасля гэтага, як і раней, хаця я разумела, што гэта грэх.

…Гэты дзень я не забуду ніколі. Калі мы ехалі ў шпіталь, разумела, што нічога не зменіш, але ўнутры ўсё роўна было чаканне чагосьці, што перашкодзіць гэтаму. У лякарню мы прыехалі пазней, нас адпраўлялі то ў паліклініку, то назад, то ў аглядальны кабінет. І, седзячы каля яго, я ўжо была гатова адмовіцца ад гэтага кроку. Пачала выказваць свае думкі ўслых. Муж падумаў, што я вар’яцею. І вось пасля ўсіх фармальнасцяў нас адправілі ў стацыянар, мы спазняліся на гадзіну. Чым бліжэй мы падыхо­дзілі да дзвярэй аддзялення, тым больш у мяне калацілася сэрца.

Я разумела, што захаваць дзіця ў мяне няма магчымасці, але сэрца чакала чагосьці…

Падышоўшы да дзвярэй, мы замарудзіліся, не маглі знайсці накіраванне. У гэты час побач стаяла жанчына, гэта была Аксана. Для мяне было нечаканасцю, калі яна звярнулася да нас. „Вы прыйшлі на аборт?“ — спытала яна. „Так“, — адказалі мы. Аксана пачала адгаворваць нас, паказ­ваць буклеты. Слухаючы яе, я не магла стрымаць слёз, якія самі цяклі. Тут я зразумела, што гэта менавіта той цуд, якога я ўвесь час чакала, бо Аксана ўжо даўно павінна была сысці, але чамусьці затрымалася. Мой муж, гле­дзячы на ўсё гэта, бярэ мае рэчы і кажа: „Едзем дадому“.

Шчыра кажучы, было страшна і радасна, але цяпер я дзякую Богу і мужу за гэтыя словы. Дзякую Богу за маіх дзетак і за тое, што Ён тады паслаў Аксану на нашу дарогу. Цяпер я разумею, што калі б не нарадзілася Сафія, не было б і нашай сям’і, і мяне... Яна ў нас як міратворца, усіх шкадуе, усім дапамагае. Бог задавольвае ўсе нашы патрэбы. Свякроў вельмі любіць нашу дачку. Са з’яўленнем Сафіі ў мяне ўнутры як быццам запоўнілася тая пустата, якую я нічым не магла запоўніць доўгі час.

Жанчыны, калі вы стаіце перад выбарам, захавайце сваіх дзяцей! Так, часам складана зрабіць такі выбар. Свет дыктуе свае стандарты, правілы, мы часта залежым ад меркавання іншых людзей, аднак, як пісаў Маякоўскі:

Калі зоркі запальваюць,
Значыць — гэта каму-небудзь трэба?

Калі Бог дае вам дзіця, значыць трэба, каб яно нарадзілася. Бог паклапоціцца пра яго, дасць усё неабходнае, галоўнае — верыць і йсці наперад, смела глядзець у будучыню і не спыняцца».

*  *  *

Як жа добра, калі побач з цяжарнаю жанчынаю апынаюцца людзі, гатовыя дапамагчы. Часам дастаткова толькі добрага неабыякавага позірку, цвёрдага бадзёрага слова, невялікай, але рэальнай дапамогі. Гэтак ратуюцца жыцці! Гэтак змяняецца грамадства!


Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» — самая вялікая беларуская пралайф-арганізацыя
ў Магілёве і Віцебску з валанцёрами ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.
Кругласутачны тэлефон падтрымкі (029) 306 22 22.
www.prolife-belarus.org
Фонд існуе на дабравольныя ахвяраванні.
Дабрачынны мясцовы фонд «Адкрытыя сэрцы» УНП 790 627 109
Разліковы рахунак: BY76AKBB30150422072137000000
ААТ «ААБ Беларусбанк»
BIC AKBBBY2X
Мэта плацяжу: дабравольнае ахвяраванне.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней