У большасці моваў свету слова «не» — адно з самых кароткіх. Але як толькі ў адносінах з іншым чалавекам нам трэба яго сказаць, тым самым адмовіўшы ў чымсьці, недзе там, унутры нас, гэтае маленькае «не» становіцца настолькі вялікім, што з сябе не выціснуць. Пра тое, з чым гэта звязана, што з гэтым рабіць і як навучыцца казаць «не», я паразмаўляла з каталічкай, псіхолагам, сямейным псіхатэрапеўтам і бізнес-трэнерам Таццянай Палхоўскай.
— Не так даўно я чытала кнігу папулярнага псіхолага Міхаіла Лабкоўскага «Хачу і буду» і падумала, што, каб сказаць «не», вельмі важна ведаць, на што я гатова сказаць «так». На жаль, часта мы не разумеем, што2 мы любім, чаго хочам, што для нас сапраўды важна. Чаму?
— Часцей за ўсё праблема ідзе з дзяцінства, таму што ў нас ніхто не пытаўся, чаго мы хочам. Памятаеш гэты «барадаты» анекдот: мама з балкона кліча сына, які гуляе на вуліцы. Той падымае галаву і пытае: «Мама, я прагаладаўся ці мне ўжо холадна?» То бок, ніхто не пытаецца: «Ты хочаш есці?», а кажуць: «Пара есці». У пэўным узросце гэта, магчыма, і добра, але ёсць мноства пытанняў, якія гадавалыя, двухгадовыя дзеці могуць вырашаць самі і трэніравацца разумець свае жаданні. Напрыклад, можна паказаць некалькі параў шкарпэтак і спытаць, якія з іх дзіця хоча адзець. Робячы такі выбар, дзіця будзе разумець, што яго меркаванне і жаданне важнае, і будзе вучыцца разумець, што яму трэба.
Яшчэ можа быць так, што бацькі загадзя абіраюць шлях для дзіцяці. Прычым яны не кажуць яму наўпрост: «Мы хочам, каб ты быў доктарам», але выкарыстоўваюць абхадныя шляхі: «Ой, паглядзі, і ты такім будзеш», ці, напрыклад, маці кажа: «Вось як добра, я буду старая, у мяне будзе свой урач». Такім чынам, дзіця можа нават і не задумацца, а чаго ж хоча яно само.
— Калі чалавек вырастае з праблемай нявызначанасці, што яму рабіць, каб вырашыць яе?
— Калі я не разумею, чаго я хачу, я мушу сябе трэніраваць. У свой час я рабіла гэта так: прачыналася раніцаю, адкрывала шафу з кубкамі і стаяла, намагаючыся зразумець, з якога кубка я хачу сёння выпіць каву. Тое самае з марозівам: я прыходжу ў краму, стаю і не магу выбраць. Калі ты прысвячаеш час такім дробязям, то ў пэўны момант з радасцю ўсведамляеш, што вызначыўся. Спачатку такая трэніроўка складаная, нават праз сілу, а пасля пачынае атрымлівацца.
— То бок, трэба пачынаць не з маштабных пытанняў, а з дробязяў?
— Прынамсі са сваімі кліентамі я працую гэтак ці яшчэ прапаную такі метад: рабіць сабе ў дзень адну прыемнасць. Такім чынам, людзі пачынаюць кожны дзень рабіць хаця б штосьці адно, чаго яны сапраўды хочуць.
— Чалавек, які не ўмее адмаўляць, часта адчувае сябе заложнікам сітуацыі, і адзінае выйсце, якое ён бачыць, гэта згадзіцца, часта наперакор уласным планам, жаданням ці нават сумленню. Чаму так адбываецца?
— Вельмі часта людзі спадзяюцца атрымаць палёгку, калі яны задаволяць чужую патрэбу. Напрыклад, многія думаюць так: «Я буду прыязджаць да мамы кожныя выходныя, тады яна будзе задаволеная, і дзякуючы гэтаму мае ўласныя ваганні, незадаволенасць ці страх быць „няправільным“ проста знікнуць». На жаль, гэта не так. Чым больш людзі намагаюцца задаволіць чужыя патрэбы, тым больш яны шкодзяць сабе і губляюць унутраны супакой. Пра радасць я нават і не кажу.
Сказаць «не» нам можа перашкаджаць страх не атрымаць пэўных выгодаў: ад фінансавых да псіхалагічных. Напрыклад: «Калі я не буду на кожнае слова кіраўніка казаць „так“, то ў мяне не будзе прэміі», ці «Калі я не буду ўслужлівы, мяне не будуць любіць, у мяне не будзе сяброў”. Тут мы бачым страх адзіноты.
А яшчэ мы можам сутыкнуцца з несвядомым шантажом: «Калі ты не будзеш да мяне прыязджаць, я памру». Але ж мы не можам узяць адказнасць за іншага чалавека і тым больш забіць родных толькі тым, што не будзем выконваць усе іх жаданні.
Здараецца і так, што праблема «завязана» ўжо не на іншым чалавеку, а на нас саміх. Мы можам задавальняць не патрэбы рэальнага чалавека, які ёсць у нашым жыцці, а ўласныя ўяўленні, што ад нас хтосьці чагосьці чакае: каб ты зрабіў кар’еру, каб ты была ідэальнаю жонкаю з ідэальным парадкам, у якой тры стравы на абед. Ад цябе ніхто гэтага не патрабуе, але ў цябе ёсць цвёрдае перакананне, што толькі так ты будзеш ідэальнаю.
Мы думаем, што чым больш будзем ад сябе патрабаваць, тым будзем больш патрэбнымі, больш цікавымі. Я б наогул сказала, што ў корані ўсіх пытанняў, на якія мы стараемся знайсці адказы, ляжыць любоў, патрэба быць любімым.
— Нам лягчэй адмовіць, калі ў нас ёсць тэрміновыя справы, якія нельга адкласці. Але што рабіць, калі мне тэлефануе сябар, а я толькі села глядзець любімы фільм?
— Мы жывём, быццам не маючы права на ўласныя жаданні, і можам адмаўляць толькі тады, калі ў нас катастрофа: мы спазняемся, у нас праца і гэтак далей. Гэта размова не пра шчырасць. Блізкім людзям мы звычайна можам адкрыта сказаць: «Мне цяпер не хочацца размаўляць, я стамілася, давай паразмаўляем заўтра». Калі ты пачнеш казаць, што планаваў інакш правесці час і пры гэтым стасункі не разбураюцца, твой суразмоўца пачынае разумець, што для цябе сказаць «не» — нармальна, ён вучыцца прымаць гэта і перастае крыўдзіцца.
Бывае і так, што трэба шчыра сказаць: «Я цябе вельмі люблю, але ў маім жыцці цяпер такі перыяд, што я не магу табе гэтага даць». Мы ж часта просім увагі, часу, эмоцый, а ў чалавека гэтага можа проста не быць.
— І гэта нармальна. Мы павінны прыняць, што можам чагосьці не даць іншаму чалавеку?
— Так, і ў католікаў з гэтым агромністая праблема. Многія з нас жывуць з велізарным пачуццём доўгу, нам падаецца, што мы ўсё мусім. Пасля мы пачынаем злавацца на сябе, адчуваць віну з-за таго, што не можам валанцёрыць з дзецьмі ці з хворымі. Тое самае з жанчынаю ў дэкрэце, якая не можа і дом трымаць, і яшчэ падпрацоўваць, і, як «сапраўдная маці», увесь час аддаваць дзіцёнку. Але калі ў цябе няма цяпер гэтай энергіі, цікавасці, сілаў, што ты «мусіш» даць? Трэба змірыцца з думкаю, што мы не можам даць таго, чаго ў нас няма. І мне падаецца, што ўсведамленне гэтага і ёсць пакораю.
— Добра, — скажуць хрысціяне, — а вось у Бібліі напісана: «І калі хто цябе змусіць (змусіць!) ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве» (Мц 5, 41). Хіба гэта не прымус?
— Раскажу, як я гэта разумею, на адным прыкладзе. У мяне забралі брата ў войска. І я, па магчымасці, кожныя выходныя езджу да яго. Не магу сказаць, што мне хочацца траціць на гэта цэлы выходны: дарога, потым чакай яго гадзіну на марозе. Але мне вельмі хочацца, каб яму было там лягчэй. Любоў змушае мяне рабіць гэта. Ці, напрыклад, я не хачу маліцца. Але я памятаю, як было класна, калі я хацела маліцца, што і змушае мяне спрабаваць размаўляць з Богам. То бок, для мяне гэта не пра знешні прымус, а пра любоў, якая не заўсёды звязана з радасцю.
— Калі мы ўсё ж такі даходзім да разумення таго, што варта і нават трэба адмовіць, то часта не ведаем, як гэта правільна зрабіць. Што б ты параіла такім людзям?
— Першы крок — гэта вызначыць межы ў тых сітуацыях, дзе яны парушаны, у выніку чаго тваё жыццё набывае нізкую якасць. Напрыклад, я магу сказаць, што з гэтага дня я не буду выходзіць на працу ў нядзелю, нават калі мяне будуць прасіць. Далей гляджу, да якіх стратаў можа прывесці маё рашэнне. Напрыклад, мною будуць незадаволеныя, ці зусім разарвуцца адносіны, ці мне менш грошай заплацяць. Выдзяляю са спісу тое, што я магу перажыць. Напрыклад, мне заплацяць менш, але вызвалены час я змагу правесці з сям’ёй, з Богам. Далей выбіраем, якім чынам мы будзем казаць гэтае самае «не». Па-першае, трэба сказаць так, каб не закрануць годнасць іншага чалавека, і па-другое, адказваць матывавана.
— Сказаць «не хачу» — ці гэта дастатковы аргумент?
— За нашымі «хачу» або «не хачу» штосьці стаіць. Таму я б усё ж казала: «Я цяпер занятая». І маё «занятая» — неабавязкова нешта глабальнае. Я магу проста адпачываць! Галоўнае — каб чалавек разумеў, што ты яго ўсё роўна любіш, што ў цябе ёсць для яго час, але не цяпер.
— Што мы набываем, калі вучымся казаць «не»?
— Па-першае, мы набываем добрыя стасункі з людзьмі. Калі мы ўвесь час робім штосьці праз сілу, мы пачынаем горш ставіцца да тых, каму дагаджаем. А праўда збліжае. Свабода будзе на карысць. Яна дапамагае будаваць шчырыя, блізкія адносіны.
Па-другое, калі мы натрэніруемся казаць «не», мы зможам паклапаціцца пра сваё спакойнае, камфортнае жыццё. Нам не трэба будзе ўвесь час нешта прыдумваць, каб пазбавіцца непажаданай працы, задання, просьбы. Сітуацыі, у якіх нам трэба адмовіць, перастануць быць для нас момантам напружання.
І калі нашае атачэнне будзе ведаць, што мы можам сказаць «не», але стасункі пры гэтым не сапсуюцца, яно таксама будзе вучыцца адмаўляць. Гэта доўгі працэс, але ёсць шанец, што нашы блізкія стануць больш адкрытымі, а ў словах мы перастанем шукаць нейкага падтэксту. Мне здаецца, так нашмат лягчэй узаемадзейнічаць.
— Дзякуй вялікі, Таццяна.
Гутарыла Дар’я Ахламёнак