
Сёння мы размаўляем пра апошні, пяты этап ацалення пачуццяў — прыняцце, акцэптацыю. Пераход ад дэпрэсіі да акцэптацыі адбываецца, калі чалавек адмаўляецца ад свайго ідэальнага вобразу на карысць актуальнага: ён павінен убачыць і прыняць тое, што цяпер насамрэч ёсць у ім самім, у іншых людзях і навокал. Нам трэба разлучыцца са сваім фальшывым імкненнем да дасканаласці і стаць сабою. Чаму так? Бо імкненне да дасканаласці можа стаць сур’ёзнаю спакусаю: няспынным імкненнем да таго, чаго ў нас няма, і катэгарычным непрыманнем таго, што ў нас ёсць. Не заўважаючы, што ў нас ёсць, мы не дзякуем Богу, а не дзякуючы Яму, мы не становімся простымі людзьмі, самімі сабою, і жывём у ілюзіях. І хто тады стаіць перад Богам — толькі маска, адзін фасад? Бог не хоча бачыць у нас герояў, Ён хоча бачыць нас саміх.
Вы можаце паспрачацца са мною і сказаць: «Езус загадаў нам быць дасканалымі, як Нябесны Айцец!» У чым жа заключаецца дасканаласць Бога? Гэта бясконцая любоў, гэта бязгрэшнасць, гэта ўсемагутнасць. А яшчэ Ён — Той, Які Ёсць, Ён існы. Мы ж не да канца існыя, недасканалыя. І неабходна перад Ім жыць тут і цяпер, імкнуцца быць сапраўднымі, сабою. Гэта сапраўднае імкненне да дасканаласці: тая драхма, той скарб у полі, што я сёння шукаю. Нельга жыць, чакаючы гэтага скарбу, маўляў «калі-небудзь будзе добра», магчыма, праз пяцьдзясят гадоў, бо гэта будуць гады суцэльнай пакуты.
Фальшывая дасканаласць — спакуса, якая можа забраць у нас нашае «цяпер» і адвесці нас ад Бога. Запрашаю вас адкрыць Евангелле паводле святога Лукі і прачытаць наступны ўрывак: Лк 7, 36–50. Гэта гісторыя пра фарысея Сымона і грэшніцу, якая прыйшла ў яго дом, каб аддаць пашану Езусу, абліваючы Яго ногі слязьмі і намашчваючы дарагім алеем. Сустракаюцца дасканалы Сымон, які дае сабе права быць блізка да Бога, і ўбогая грэшніца, якая ведае, што не мае ніякіх правоў, і проста любіць. Калі мы думаем пра ўласную дасканаласць, а не пра Бога — гэта чырвонае святло, якое паказвае няправільны шлях. «Дасканалы» Сымон нават не ведаў, што ён грэшнік, пыхлівы і поўны асуджэння… На шляху да ацалення пачуццяў пазбаўляймася ад фальшывага імкнення да дасканаласці, якое нікуды не вядзе!
Наступны крок да акцэптацыі — не лічыць сябе нявартымі таго, каб Бог нас любіў. Гэта пыха і д’ябальская спакуса — лічыць Бога такім маленькім і слабым, што Ён не ў стане прабачыць. Паўтару: трэба стаць адказным грэшнікам — прызнаваць учыненае зло і імкнуцца яго выправіць.
Далей неабходна працаваць са сваім болем і крыўдаю, робячы свае пакуты канструктыўнымі — гэта не значыць выкрасліць іх і цалкам забыцца пра іх — трэба вынесці з іх карысць для сябе.
Яшчэ адзін крок да ацалення — быць рэалістамі, не падманваць сябе, каб, нібыта, «было лягчэй», бо гэта таксама шлях у нікуды.
Назавем прыкметы акцэптацыі.
- Я пачынаю бачыць дар, які даў мне складаны жыццёвы досвед, і тое, чаму ён навучыў мяне. Траўмы, з якімі мы працуем, даюць штуршок для развіцця.
- Я ўзрастаю ў мудрасці і дасведчанасці, набываю здольнасць не наступаць у чарговы раз на тыя самыя граблі.
- Я адкрываюся на ўсе свае пачуцці, нічога не хаваю хаця б перад сабою, маю смеласць бачыць сябе ў праўдзе.
- Я цярплівей стаўлюся да іншых людзей, ува мне знікаюць катэгарычнасць і фанатызм. Я прымаю іншых такімі, якія яны ёсць.
- Езус становіцца мне не строгім начальнікам, а роднаю асобаю, мая малітва больш шчырая, я пачынаю больш давяраць Яму.
- У мяне з’яўляецца сапраўдная ўсмешка, не нацягнутая, не фальшывая. Я пачынаю шчыра смяяцца.
- Я пачынаю бачыць добрыя і радасныя сны: не падаю ў бездань, не караскаюся на недасяжныя горы, не блукаю па лабірынце. Раніцай я прачынаюся з жаданнем жыць.
- Я пачынаю радавацца простым рэчам, сваёй працы і штодзённасці.
- Я станаўлюся больш уважлівым да іншых людзей.
- Я перастаю бясконца шукаць новыя «тэхнікі аздараўлення», хапацца за ўсё, што трапляецца пад руку.
- Я перастаю даваць «ідэальныя» парады, пачынаю больш слухаць іншых і дазваляю ім рабіць памылкі.
- Змяняецца змест маіх размоваў, я перастаю пляткарыць і гаварыць пра пустое.
- Я пачынаю шчыра жадаць дабра сваім ворагам: не ўхваляю зло, ні ў якім разе, не дазваляю прыніжаць і мучыць сябе, а сыходжу, жадаючы ім толькі дабра.
- Я пачынаю нармальна ўспрымаць пахвалу і кампліменты: не патрабую іх, а дзякую, калі атрымліваю. Я пачынаю адрозніваць сапраўдную пахвалу ад ліслівасці і фальшу.
- Я шырока адчыняю дзверы Хрысту, не баючыся, што Ён нешта зменіць у маім жыцці. Я пачынаю ісці за Ім, а не цягну Яго за сабою.
- Вакол мяне ствараецца здаровая атмасфера, спакойная і без страху.
Хачу перасцерагчы вас ад падманнай, нездаровай акцэптацыі: не трэба спадзявацца, што ўсе праблемы раптам цудоўным чынам знікнуць і болю больш не будзе. Я вас расчарую — ніколі не баліць толькі мёртваму, і Езус не абяцаў нам жыцця без цяжкасцяў і без болю, алё Ён абяцаў перажываць гэта ўсё з намі разам, быць побач. Нельга проста радавацца замест таго, каб рэальна ацаніць цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся, і пачаць з імі змагацца. Неабходна не збягаць, а ісці ўглыб сваіх праблемаў і ранаў, каб праз іх ісці да ўваскрасення.
У Бібліі Езус вельмі шмат вучыць акцэптацыі. Раю вам прачытаць наступныя ўрыўкі: Лк 15, 1–7; Лк 15, 11–32; Лк 19, 1–10; Ян, 4; Дз 9, 22, 26 — раздзелы, дзе св. Павел распавядае пра сваё навяртанне; 2 Кар 11, 23 — 12, 10; 2 Кар 4, 7–11; Рым 8, 35–39; 1 Тэс 5, 16–18. Яшчэ адна парада — узяць любое Евангелле, прачытаць яго цалкам і прасачыць, як Езус праяўляе цярплівасць і акцэптацыю да сваіх вучняў.
Цяпер звернемся да хрысціянскай псіхатэрапіі.
1) Распавядзем Езусу пра свае сапраўдныя пачуцці, нават пра нежаданне сёння прыняць, акцэптаваць сітуацыю або чалавека і быць з Ім, дазволіць Яму дзейнічаць. Гэта можа атрымацца далёка не адразу, але ў пэўны момант мы адчуем мяккасць і гатоўнасць калі не любіць, то прынамсі не ненавідзець.
2) Трэба ўважліва паглядзець на Езуса і папрасіць убачыць сваю праблему Яго вачыма, спытаць, як бы Ён яе вырашыў.
3) Папрасіць Езуса зрабіць нешта з нашымі сэрцамі, даць нам Яго пачуцці і Яго стаўленне да праблемы. Самастойна перамагчы зло мы не ў стане, бо яно большае, чым мы. Але Бог большы, чым зло, залежнасці, сузалежнасці, страх, крыўды, і з Ім мы можам усё перамагчы. Мы ацаляемся тады, калі найперш убіраем у сябе пачуцці Хрыста.
Калі мы хочам думаць і адчуваць гэтак, як Езус, трэба бываць у хрысціянскім асяродку, быць у кантакце з Ім праз Святое Пісанне, малітву, іншых людзей і асабліва праз сакрамэнты. Так мы вучымся жыць з Хрыстом, шукаць сябе сапраўдных, станавіцца людзьмі, якія любяць і разумеюць, ідуць насустрач іншым, а не проста «робяць дабро», адпаведна з так званай хрысціянскай ідэалогіяй, што не мае нічога агульнага з сапраўдным хрысціянствам.
Мы прайшлі з вамі ўсе пяць этапаў ацалення пачуццяў, і, зразумела, у вас узнікне пытанне: ці ацаліўся я ўжо ці яшчэ не? Гэта вельмі проста зразумець — трэба адказаць на пытанне: ці ў стане я выйсці за межы ўласнага эгаізму, ці магу я ўбачыць навакольны свет, а не толькі сваю праблему і бяду, убачыць іншых людзей, а не аднаго сябе, выйсці насустрач іншым — усім, без выключэння?
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF
Сястра Паўла Бобер MSF -
тэолаг, выкладчык, псіхолаг,
псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай
Чытайце яшчэ артыкулы сястры Паўлы: