Язэп Германовіч — святар, паэт, пісьменнік, публіцыст (1890–1978). Ягоную кнігу «Кітай — Сібір — Масква» нельга назваць творам. Гэта сведчанне. Нароўні са «Споведдзю» Ларысы Геніюш і кнігай «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча яна стала магутным сведчаннем супраць злачыннай, антычалавечнай бальшавіцка-сталінскай сістэмы.
Гэтая кніга пра тое, што святар сам перажыў, пра ягоныя крыжовыя дарогі выгнанніка, пра тое, што хрысціяне ў часе самых нялюдскіх выпрабаванняў мусяць не толькі быць пакорлівымі, але і па прыкладзе Збаўцы павінны рызыкаваць, калі яны шукаюць «збаўлення чалавека, асабліва рызыкаваць сваёй асобай».
Язэп Германовіч нарадзіўся ў старажытных Гальшанах, на Ашмяншчыне. Закончыў Віленскую духоўную семінарыю, у 1934 г. уступіў у ордэн айцоў марыянаў. Служыў Богу і адначасова выкладаў у Друйскай гімназіі, друкаваўся ў беларускіх часопісах. Вядомы ў літаратуры пад псеўданімам Вінцук Адважны, ён і сапраўды быў адважным, бо не баяўся адстойваць праўду ў самых складаных варунках.
Місія ў кітайскім Харбіне, у якой ён удзельнічаў у 1932–1936, 1938–1948 гг., закончылася для яго арыштам. Бясконца доўгіх і пакутных 6 гадоў, 4 месяцы і 5 дзён прабыў ён у лагерах, перамераў на этапных дарогах суровыя прасторы Сібіры. Пазней уражанні тых гадоў лягуць у кнігу «Кітай — Сібір — Масква» і ўскалыхнуць не адно сэрца сваёй суроваю праўдаю, тонкімі назіраннямі, жыццялюбствам аўтара, ягонай сапраўднай хрысціянскай трываласцю ў бесчалавечных умовах. Пасля смерці «бацькі народаў» айцец Германовіч быў вызвалены ў 1955 годзе, хацеў вярнуцца ў Беларусь, але ўлады змусілі яго выехаць у Польшчу. Ды бальшавізм ужо пранік і туды. Таму айцец Язэп прыклаў шмат намаганняў, каб з’ехаць яшчэ далей, у свабодную Еўропу. Ягоныя знаёмыя ўспаміналі, як ён, немалады ўжо, змучаны жыццём, прыходзіў штодня на ганак італьянскай амбасады і падоўгу маліўся на ружанцы ў чаканні прыёму. Вынікам тае настойлівае малітвы стаў доўгачаканы выезд спачатку ў Рым, а потым у Лондан, дзе ён адразу ж уліўся ў рэлігійнае і культурнае жыццё беларускага замежжа. У 1975–1977 гг. айцец Германовіч быў рэдактарам часопіса «Божым шляхам», напісаў шэраг каштоўных успамінаў пра сваіх сяброў святароў.
Айцец Язэп Германовіч пражыў прыгожае, плённае жыццё і завяршыў яго таксама прыгожа — адышоў у вечнасць на другі дзень урачыстасці Божага Нараджэння. А ў народзе ж кажуць: шчаслівыя тыя, што паміраюць у гадавыя святы. Пахаваны ў Лондане.

Падрыхтавала Ірына Жарнасек
Надрукавана ў «Ave Maria» № 5-6, 2009