Шчаслівыя. Пра парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку

— Парафія будзе названая ў гонар Сэрца Езуса! — сказаў Пётр Вікенцьевіч і паклаў сваю шырокую далонь на стол.

Сказаў, як адрэзаў. Усе, хто ведаў бліжэй нашага хадатая і пачынальніка ўсіх парафіяльных справаў Пятра Вікенцьевіча Квяцінскага, нават не спрабавалі яму пярэчыць. Ведалі: калі ён што вырашыць, то свайго даб’ецца. Так і паўстала наша парафія ў Наваполацку — у гонар Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Было гэта на самым пачатку 90-х гадоў.


Наш Пётр Вікенцьевіч… Чалавек мужнай веры, які вытрымаў шмат выпрабаванняў і загартаваўся ў іх. Калісьці ён сам распавядаў мне, як у сталінскім лагеры, куды быў сасланы, на лесапавале, у нечалавечых умовах, калі маладому чалавеку здалося, што сілы ўжо цалкам пакінулі яго, ён за малым не паддаўся спакусе ды ледзьве не ўчыніў цяжкі грэх: паклаў ужо руку на паваленае дрэва, узняў сякеру, каб секануць па пальцах і тым самым зарабіць сабе хоць бы некалькі дзён адпачынку… Ды ў тую ж хвіліну быццам хтосьці паклікаў хлопца, быццам дыхнуў хтосьці яму ў патыліцу нейкім незразумелым цяплом. Азірнуўся — нікога… Пастаяў. Перавёў дых. Перажагнаўся. Памаліўся і… падзякаваў Богу за ўсё, што мае ў жыцці.

— Сэрца Езуса, будзь маёй абаронай! Атулі, захавай, дапамажы некалі вярнуцца мне ў родны дом... — папрасіў ціха.

У хуткім часе пасля таго дня Пятра Квяцінскага перавялі на іншую, трохі лягчэйшую працу. І ён вытрываў, выжыў у тых нечалавечых умовах. І… нават знайшоў сваё шчасце — сваю будучую жонку…

Праз шмат гадоў гэтую сужэнскую пару часта бачылі на вуліцах нашага горада. У краму — разам, на рынак — разам, у касцёл… Але не, напачатку не ў касцёльны гмах, а ці то ў «чырвоны куток» нейкага там полацкага прадпрыемства, ці то ў арэндаваную залу не дабудаванага яшчэ наваполацкага музея, ці то ў дашчанік, збіты на хуткую руку на тым пляцы, дзе планавалася будаваць касцёл у Наваполацку. Усё гэта — ужо гісторыя нашай парафіі. Не такая й даўняя, каб яе не памятаць. Ля вытокаў будаўніцтва нашага касцёла быў таксама ён, старшыня парафіяльнай рады Пётр Квяцінскі. Фізічна працаваць ужо не меў сілы, а вось вартаваць уначы будаўнічыя матэрыялы для будучага касцёла, то чаму б і не? Многія чулі пра такі смешны і павучальны выпадак з таго ягонага служэння… Дык вартуе, значыцца, уначы наш пан Квяцінскі будматэрыялы на пляцоўцы, а на ёй яшчэ ні будкі для вартаўніка, ні нават надзейнай агароджы няма. Прыйшоў да яго сусед, які таксама вартаваў занядбаны тады гарадскі даўгабуд — будынак будучага ЗАГСа. Ну і пытае сусед у нашага Пятра Вікенцьевіча, ці мае ён якую зброю на той выпадак, калі злодзеі раптам заявяцца. Чым будзе бараніць дабро?

— А як жа, вядома, што маю зброю! — бадзёра гукнуў у адказ Пётр Вікенцьевіч.

— Ну і дзе яна? — не адступаўся цікаўны сусед.

— А вось яна, мая зброя: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. — размашыста перажагнаўся Пётр Квяцінскі.

Калі ж неўзабаве з’явілася першая будка для вартаўнікоў, то адразу ж у ёй заняў сваё месца і абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Не цяжка здагадацца, хто яго прынёс — ну вядома ж, Пётр Вікенцьевіч. Прынёс і з гонарам сказаў:

— З бацькоўскай хаты! Каб хто ведаў, колькі нашых малітваў, прамоўленых перад гэтым абразом, пачуў ды прыняў Пан Бог!..

…Калі ў 2004 годзе ў Наваполацку асвячалі будынак касцёла, які неўзабаве нават прадстаўнікі гарадскіх уладаў назавуць найпрыгажэйшым будынкам горада, той, хто настойліва рабіў першыя, а потым і наступныя крокі па стварэнні нашай парафіі, ужо быў у лепшым свеце. Пра яго, нашага Пятра Квяцінскага, згадвалі на той урачыстасці з цеплынёй ды ўдзячнасцю.

Пройдзе яшчэ колькі часу, і ў наваполацкім касцёле з’явяцца ўласныя абразы, створаныя таленавітым беларускім мастаком, нашым сучаснікам Валяр’янам Янушкевічам. Вядома, адным з першых быў абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Ён змешчаны проста над табэрнакулюмам і нагадвае нам, вернікам, што Той, Хто знаходзіцца ў табэрнакулюме, у гэтай святыні, любіць кожнага з нас. Любіць так моцна, што заўсёды гатовы прытуліць да свайго Сэрца. Прытуліць, суцешыць, падзяліцца сваёй цеплынёй і сваім жыццём.

Зрэшты, у кожнага з нас свае асабістыя адносіны з Богам. А што думае на гэты конт наш пробашч Аляксандр Чайкоўскі, які служыць Богу і людзям у нашай парафіі ад першых дзён свайго святарства? Пачатак яго святарскага шляху, дарэчы, супаў таксама і з першымі крокамі нашай парафіі ды будаўніцтвам гэтай святыні.

— Па вялікім рахунку, — сказаў мне ксёндз Аляксандр Чайкоўскі, — кожная парафія, кожны хрысціянін, увогуле ўвесь наш Касцёл маюць права лічыць сябе прыналежнымі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста, называцца гэтым іменем. Чаму? Бо духоўнасць Сэрца Хрыста пачынаецца з Крыжа на Галгоце, калі Яму прабілі дзідай Сэрца і адтуль выплылі кроў і вада. Святы Ян сцвярджае, што менавіта тады з прабітага Сэрца Хрыста нараджаўся новы чалавек, нарадзіўся Касцёл і сакрамэнты. Ведаем, што кроў Хрыста сімвалізуе Эўхарыстыю, а вада сімвалізуе хрост. Гэта яны нараджаюць новага чалавека. Таму можна сказаць, што кожная парафія магла б мець тытул Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, якое было прабіта і з якога на вернікаў сплываюць Божыя ласкі. Дзякуючы таму, што мы, хрысціяне, можам чэрпаць Божыя ласкі з гэтай крыніцы любові, мы маем магчымасць пастаянна абнаўляцца, станавіцца новымі людзьмі. Нездарма ж Хрыстус кажа Тамашу апосталу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!». У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» (гл. Ян 20, 27–28). Гэтае запрашэнне тычыцца не аднаго Тамаша, але кожнага з нас. Ды яшчэ памятайма, што сказаў Езус далей Тамашу: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!» (Ян 20, 29). Гэтымі шчаслівымі з’яўляемся ўсе мы, вернікі ўсіх часоў і народаў. Ну за тое, што Божы Провід распарадзіўся так, што наша парафія носіць імя Найсвяцейшага Сэрца Езуса, мы можам быць толькі ўдзячныя Богу.

Так лічыць наш ксёндз Аляксандр, і мы, парафіяне, можам хіба што падпісацца пад ягонымі словамі, ды яшчэ ніколі не забываць, што назвацца хрысціянінам — гэта ўжо вялікая адказнасць, а прыналежнасць да хрысціянскай супольнасці, якая носіць імя Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, толькі павялічвае гэтую і радасць, і адказнасць.

…Вялікая пятніца 2019 года. Раніцай на світанні прыйшла я ў наш касцёл, каб пабыць з Езусам, памаліцца ў гэты выключны час. Пры грабніцы Езуса ўсю ноч маліліся нашы парафіяне. Не так і шмат, але ўвесь час хтосьці прыходзіў, хтосьці адыходзіў…

У святыні стаяла нейкая выключная, глыбокая ціша. Праз нейкі час да мяне падышоў і абняў за плечы мужчына, апрануты па-дарожнаму — Пётр Пятровіч Квяцінскі, сын нашага Пятра Вікенцьевіча! Ён жыве ў Верхнядзвінску. На світанні Вялікай пятніцы сеў на ровар і… прыехаў у Наваполацк. Ведаў, што касцёл будзе адчынены, дык і прыйшоў, укленчыў перад Хрыстом у святыні, ля вытокаў якой стаяў два дзесяцігоддзі таму ягоны бацька, якому мы ўсе ўдзячныя за ягонае шчырае сэрца, вернае Хрысту і Касцёлу. Гэтай шчырасці, бескарыслівай любові і адказнасці за свае ўчынкі варта ўсім нам таксама вучыцца. 


Ірына Жарнасек

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней