Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам ОР мы разважаем пра тое, што спрыяе прарастанню Божага слова ў душы чалавека.
XІ Звычайная нядзеля, год В (16.06.2024)
Езус сказаў народу: «Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае. Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво».
І сказаў: «З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, пускае вялікае галлё, так што ў ценю ягоным могуць гняздзіцца нябесныя птушкі».
У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.
(Мк 4, 26–34)
Слова прарастае тады, калі мы з Панам
Калі я слова за словам паглыбляўся ў сённяшняе чытанне з Евангелля, прагнучы лепш пазнаць сэнс усяго, што сказаў Езус, а потым напісаць некалькі словаў каментару, то не знаходзіў сэнсоўных тлумачэнняў. А можа, і дагэтуль іх не знайшоў... Каментары спецыялістаў, энцыклапедычныя слоўнікі, лінгвістычныя даведнікі з самай высокай паліцы здаваліся мне занадта плыткімі, пазбаўленымі таго, што дапамагло б мне зазірнуць у скарбніцу Божага слова.
У пэўны момант мне згадаўся святы Тамаш Аквінскі. Незадоўга да сваёй смерці гэты вялікі святы і вучоны адчуў, што ўсё, напісанае ім, нібы салома: Mihi videtur ut palea («Мне здаецца, гэта салома»). Зразумела, святы Тамаш пісаў, сыходзячы з іншай перспектывы і з іншага ўзроўню, чым мы, пасрэдныя «едакі» хлеба, і ўсялякія спробы аналогіі з ім выглядаюць смешнымі, гратэскнымі. Таму і розныя мае спробы растлумачыць глыбіню прыпавесці Хрыста тым больш здаваліся мне «саломаю». Часткова пра гэта гаворыцца таксама ў сённяшнім Евангеллі: «У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць». Пры іншых акалічнасцях Пан Езус казаў: «Слухаць будзеце, і не зразумееце, і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце» (Мц 13,14).
Урэшце мой позірк спыніўся на словах: «А сваім вучням сам-насам тлумачыў усё». Так, трэба спачатку стаць вучнем Пана, пайсці за Ім, рушыць з Ім у дарогу. Інакш мы сутыкнемся з заслонаю. Не ўбачым глыбіні. Слова будзе маўчаць. Аднак калі мы становімся Яго вучнямі, то жадаем хадзіць Яго сцежкамі, бачыць тое, што Ён бачыць, слухаць і прыслухоўвацца да таго, што Ён чуе і да чаго прыслухоўваецца. Быць вучнем Пана — значыць зрабіць крок на шляху разам з Ім, хоць маленькі, як гарчычнае зарнятка. Толькі так можа ўзрастаць слова. Ці ноччу, ці днём — плён расце, «спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе».
Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».