Мая пілігрымка ў Гомель

Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім

Мк 14, 22

У стужцы навінаў на каталіцкім партале Catholic.by прамільгнуў артыкул, аб тым, што з Мазыра да Гомеля прайшла пешая палігрымка. Што яна значыла для тых, хто гэта чытаў? Можа быць нічога, можа, хтосьці пабачыў сваіх знаёмых, нехта паціснуў плячыма (170 км пешшу, навошта?!), нехта па-добраму пазайздросціў («І я так хачу!»).


Што яна значыла для тых, хто ішоў? Ішоў, напяваючы, хто ў голас, а хто ў глыбіні свайго сэрца: «Хлеб найцішэйшы, агарні сваім маўчаннем, скрый мяне ў белай Гостыі, забяры маю цемру…». І Езус узяў кожнага з нас, тых 16 чалавек, 6 з якіх былі дзеці. Узяў, выцягнуўшы са штодзённасці нашых справаў, клопатаў. Узяў, каб мы змаглі адчуць Яго любоў, каб паказаць нейкі іншы свет, паказаць хараство прыроды і галоўнае — хараство чалавечай душы.

Мы прыехалі позна ўвечары ў Мазыр. На вуліцы было цёпла і здавалася, што мы знаходзімся ў сонечнай Італіі, а насамрэч было ўсведамленне, што мы проста не ведаем сваёй роднай Беларусі, што яна бывае такая розная…

«Агарні мяне, каб як Ты, я стаўся хлебам…» Распачалася пілігрымка з Эўхарыстыі ў Мозырскім касцёле. І ўсе гэтыя 6 дзён цэлебравалася святая Імша ў самых розных месцах: на залітай сонцам паляне, ў хойніцкім касцёле, на могілках і ў полі. І нават тады, калі я не магла ўжо ісці і папрасілася ехаць машынай, засталася, каб ставіць намёты разам з дзвюма дзяўчынкамі, збіраць галлё, разводзіць агонь і гатаваць для ўсіх каву. Езус прыйшоў да мяне сам у Найсвяцейшім Сакрамэнце з рук ксяндза Паўла, які прывёз Яго для мяне.

«Паблагаславі, як хлеб, падзялі паміж тымі, хто прагне…» І Бог шчодра благасляўляў нас. Першая стаянка была ў вельмі маляўнічым месцы на беразе возера з пясчаным пляжам: абрыў, лес, вогнішча, гітара і спевы да паловы ночы, пра тое, як файна, што ўсе мы тут сёння сабраліся.

Другі дзень мы былі ў Юравічах, але не стаянка першабытнага чалавека была нашаю мэтаю (дзе мы таксама пабывалі), а Юравіцкая Божая Маці. Цудадзейны абраз, увешаны шматлікімі вотамі ад тых, чыю просьбу пачула Багародзіца. Абраз знаходзіцца ў праваслаўным храме (некалі каталіцкім). Адна жанчына, якая ішла з намі, распавядала пра знаёмую бабулю, якую ў маладосці пераехаў конь, і лекары са шпіталя адправілі дадому паміраць. Яна горача малілася да Юравіцкай Божай Маці і абяцала, што калі выжыве, то штогод на свята будзе хадзіць у Юравічы і прыносіць кветкі да іконы. Яна выжыла, і нават яшчэ нарадзіла дзяцей. І будучы зусім старэнькай, прасіла ўнука, каб завёз да Божай Маці ў Юравічы пакласці кветкі да ног Багародзіцы.

Каб падзяліць, трэба спачатку паламаць. І гэтае ламанне ніколі не бывае лёгкім. З намі ўсю дарогу ішла сама Божая Маці ў трох вобразах: Юравіцкім, Чанстахоўскім і Гомельскім, а таксама невялічкая фігура святога Юзафа. Вельмі прыгожы абраз Гомельскай Божай Маці намаляваны незадоўга да выхаду пілігрымкі, пад шклом, аздоблены шыкоўнай драўлянай рамай, ён, здавалася, важыў кілаграмаў сто! Асабліва, калі за плячыма з раніцы да вечара ўжо трыццаць кіламетраў шляху і ў галаве толькі словы айца Леанарда: «Вы моцныя, вы нават не ўяўляеце, наколькі вы моцныя!». Некаторыя з нас адсталі ад пілігрымкі, кожны крок ужо даваўся з боем. Вакол толькі бяскрайняе поле, а наперадзе — лес. Тут ад аснаўной групы, якая была ледзьве бачна наперадзе, адрываецца адна постаць і бяжыць у нашым кірунку. «Мама, давай хучэй!» — чую і кажу: «Не магу». Мой дванаццацігадовы сын бярэ Гомельскую ікону, кладзе сабе на галаву і бягом бяжыць даганяць астатніх пілігрымаў, а я кажу: «Усё! Далей не пойдзем! Званіце ксяндзу Паўлу, няхай прыязджае сюды па нас!» Чакаем, сонца сядае, ужо зусім сцямнела, а ксёндз Павел не прыедзе: бус закапаўся ў пяску, не можа выехаць… Устаём, ідзём далей, дакладней, пляцёмся недзе ззаду, і толькі фігура айца Леанарда ў белым габіце, для нас, як святло ў цёмным тунэлі. Дайшлі. Ноч, зоркі, цвіркуны. І трэба яшчэ недзе ўзяць сілы, каб у цемры расставіць намёты, зрабіць вячэру, а зранку прачнуцца і, нягледзячы на шматлікія мазалі, ізноў ісці, спяваць Гадзінкі, не звяртаючы увагі, што падэшву пячэ, як на вуголлі.

І калі вяртаешся ў сваю штодзеннасць, узгадваюцца словы айца Леанарда: «Кожны шлях цяжкі, тут галоўнае ісці ў правільным кірунку».

«А крышынкі тыя, якія застануцца, раздай тым, хто не верыць у сваё прагненне…» Мы часта праходзілі розныя вёскі, нашыя дзеці раздавалі там маленькія абразкі Маці Божай Гомельскай. Недалёка ад сасны-каралевы (вялізнае дрэва непадалёк ад Хойнікаў) нас спыніла машына ДАІ, супрацоўнікі  запыталіся, хто мы. Сказалі, што паступіла шмат званкоў пра нейкіх людзей з іконамі, якія ходзяць па Хойніках.

Можна было б яшчэ шмат пісаць, пра нашае падарожжа, у якім было даволі прыгодаў і вельмі цікавых момантаў, але самае важнае, што мы ўсе яго шчасліва пераадолелі і дайшлі да самага шчаслівага моманту — начной святой Імшы, якая стала ягоным высокім і годным завяршэннем. «Агарні мяне, каб як Ты, я стаўся хлебам…»


Вікторыя Бадрусёва

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней