«Не пакідай мяне, Езус!..» Сведчанне пра Божую любоў

Памятаецца: яркае жнівеньскае сонца ласкава атуляе сваім цяплом сотні людзей, што сабраліся на высокай гары, дзе некалі стаяў касцёл. Маладзейшыя і сталага веку кабеты з такой нагоды павымалі з шафаў свае лепшыя строі; пры пінжаках і гальштуках, а то і ў галіфэ ды наваксаваных да бляску хромавых ботах стаяць мужчыны; нібыта шчабятлівыя зграйкі птушачак — дзеткі самага рознага ўзросту… Дык гэта ж фэст!


Упершыню пасля ліхіх гадоў атэізму жыхары Волмы, што ў Дзяржынскім раёне, ды мноства навакольных вёсак зноў маюць магчымасць прыняць удзел у набажэнстве ў гонар святога Роха, аднаго з апекуноў мясцовай парафіі. Ёсць таксама магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі і — самае галоўнае! — сустрэцца ў святой Камуніі з Панам Езусам. Як жа доўга, асабліва людзі сталага веку, чакалі такой важнай падзеі, просячы ў сваіх штодзённых шчырых малітвах Хрыста і Яго Найсвяцейшую Маці аб, як здавалася на той час, немагчымым. Але ж тое, што немагчыма для людзей, можа здзейсніць Пан Бог! І сёння — велізарная радасць: дачакаліся!..

А вось і першае набажэнства ў новым цагляным касцёле, збудаваным на месцы драўлянага, разбуранага і развезенага на дровы ды будаўнічыя матэрыялы падчас савецкай улады. Сам кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў новую святыню, якая велічна і прыгожа паўстала на месцы былога касцёла, дарэчы, помніка архітэктуры XVII стагоддзя. Вочы людзей праменяцца шчырай радасцю, а на вуснах амаль кожнага, хто нават і не лічыць сябе дужа пабожным, свецяцца ўсмешкі. Ужо не трэба ехаць да касцёла ў Ракаў альбо ў Рубяжэвічы, бо ёсць свой!

Касцёл святых Сымона і Алены, Чырвоны касцёл, як яго прывыклі называць у народзе, гасцінна расчыняе свае дзверы для кожнага, хто шукае Бога і не жадае жыць па-ранейшаму, як у гады атэістычнага ліхалецця. Менавіта ў гэтую святыню я стала прыходзіць рэгулярна, не прапускаючы нядзельных і святочных Імшаў. Тут у нядзельнай школе пачалі наведваць урокі катэхезы мае сын і дачка, а пазней яны сустрэліся з Хрыстом у Першай святой Камуніі. Падрыхтоўка да бежмавання, супольныя малітвы на ружанцы, рэгулярныя сустрэчы «дарослай моладзі», як жартаўліва нас называў адзін са святароў, пілігрымкі ў Будслаў… Мноства цёплых і прыемных успамінаў, звязаных з храмам, які заслужана носіць ганаровае званне «візітнай карткі» беларускай сталіцы.

Калі я пачала наведваць парафію святога Антонія Падуанскага, што прапісалася ў мікрараёне Малінаўка ў Мінску, яна яшчэ не мела сваёй святыні. Усе набажэнствы адпраўляліся ў актавай зале мясцовага ЖЭСа. Нягледзячы на часовыя цяжкасці і нязручнасці, адбывалася галоўнае: жывы Касцёл павялічваўся з году ў год. Усё часцей можна было ўбачыць незнаёмага чалавека, які з цягам часу станавіўся актыўным парафіянінам. Тут, у Малінаўцы, пачаў хадзіць у касцёл мой муж, а сын дасканала валодаў ганаровымі абавязкамі міністранта.

Апошнія пяць гадоў я жыву ў прыгарадзе, і мы з мужам наведваем парафію Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў на бараўлянскай горцы ў пасёлку Лясное. І тут, таксама ў невялічкай капліцы, мне камфортна і ўтульна, нібыта ў бацькоўскім доме. Нядаўна задумалася: змяняюцца парафіі і касцёлы, змяняюцца святары і вернікі, але нідзе я не адчуваю сябе чужаніцаю. Кожнаму чалавеку ўласціва прывыкаць да канкрэтнага месца, абстаноўкі, людзей, але некаторыя надзвычай цяжка і нават балюча ўспрымаюць перамены ў сваім жыцці. Мне ж, у якім бы касцёле ні была, нават упершыню падчас шматлікіх пілігрымак, усюды добра, спакойна і радасна. Ясны адказ на гэтыя развагі з’явіўся ў мяне неяк імгненна, нібы бліскавіца, не пакінуўшы аніякіх іншых варыянтаў: Пан Езус! У любой святыні, на кожнай святой Імшы ў постаці хлеба і віна прысутнічае сам Збаўца! Менавіта Яго бязмерная любоў да кожнага, як і да мяне таксама, клапатліва атуляе ўсіх людзей, надзейна бароніць ад усялякага зла і заўсёды падмацоўвае ўпэўненасцю і надзеяй. І зусім няважна, ці гэта велічны і сусветна вядомы сабор альбо санктуарый, ці невялічкі вясковы касцёл альбо каплічка. «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх», — запэўнівае нас Збаўца (Мц 18, 20).

Гадоў 10–15 таму мяне ўпершыню напаткала думка аб тым, наколькі я вартая Ахвяры Хрыста.

З ёю я жыву і цяпер, беручы прыклад з Езуса. Ці магла б я аддаць сваё жыццё за грахі і правіны іншых, а асабліва тых, хто мяне ненавідзіць, хто жадае зла ды смерці? І чым больш я хаджу ў касцёл і стараюся як мага глыбей спасцігнуць навуку Пана Езуса, тым больш заўважаю ў сваім жыцці таго, што, пэўна, прычыняе нясцерпны боль Божаму Сыну. Так хочацца быць дасканалаю ў адносінах з кожным чалавекам, увесь час несці ў сабе святло і дабрыню, але, на жаль… Некага асудзіла думкай ці словам, не змоўчала ў складанай сітуацыі, пакрыўдзіла і, «каб загладзіць віну», фармальна малілася, засаромелася публічна вызнаць сваю веру… І хоць не адношу сябе да закаранелых грэшнікаў, а многія знаёмыя нават лічаць, што з мяне можна браць прыклад (з чым я ані ў якім разе не згодна!), штодня прашу ў Бога прабачэння за свае слабасці і недасканаласці. Хто ж, як не мы, людзі, якія актыўна практыкуюць сваю хрысціянскую прыналежнасць, павінны быць прыкладам для астатніх, бо вера ў Бога без учынкаў — гэта толькі рэлігія. Сказаў жа Хрыстус: «з кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць» (Лк 12, 48). І пачынаць, вядома ж, трэба выключна з сябе! Мы разумеем, што змяніць іншага чалавека надта цяжка, часта немагчыма, таму і робім важныя пастановы для саміх сябе. Выконваем іх? На вялікі жаль, не надта атрымліваецца, і тады ўзнікае пякучае пачуццё расчаравання ў сваіх маральных і духоўных якасцях і пачуццё віны перад Хрыстом.

Хіба нармальна, што, укленчыўшы пры канфесіянале, мы штораз паўтараем адно і тое ж?! Нашыя споведзі нібы напісаныя пад капірку альбо размножаныя на ксераксе…

Слабая чалавечая натура? Відаць, прычына не толькі ў гэтым. Цяжка і сорамна прызнаваць, але наша (мая!) любоў да Збаўцы часам не мае памеру нават гарчычнага зерня…

…У многіх сказах стаўлю шматкроп’е, бо не хапае словаў, каб перадаць свае пачуцці і перажыванні. Думкі разварушыліся, бы патрывожаныя мурашы... І хоць я недасканалая, далёкая ад ідэалу, які стварыла маё ўяўленне, толькі ўсё роўна штодзённа, як умею, імкнуся да Хрыста.

Мілы Езу, прабач мне! Прымі словы ўдзячнасці за радасці і дасягненні, за кожнае імгненне жыцця! Дзякуй Табе таксама за цяжкасці і выпрабаванні, якія Ты пасылаеш з любові да мяне! Не пакідай мяне, Езу! Хоць часам і не атрымліваецца, але я імкнуся быць вартаю Тваёй Ахвяры.


Марыя Мяжэвіч

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней