«Не будзьце моладдзю лабірынту, будзьце моладдзю дарогі!». Крыху пра сустрэчу моладзі з папам Францішкам у Вільні

Еднасць... Я ехала ў Вільню па яе. Нават сустрэча з папам Францішкам была для мяне не такою важнаю, як сустрэча з католікамі Літвы, Польшчы, Беларусі, Расіі. Я хацела адчуць еднасць. На жаль, не адчула. Але Езус падарыў мне шмат іншых цудоўных перажыванняў.


...Мы выйшлі з цягніка Мінск–Вільня і пайшлі ў бок Вострай брамы. На вуліцы было амаль пуста, але з цягам часу і тут, і там пачалі паказвацца пілігрымы з Польшчы, убачылі мы таксама і групу з Калінінграда. У Вільню мы выбраліся супольнасцю «Сіён» з Мінска. У беларускай парафіі святога Барталамея ў Вільні, служыць брат капуцын Андрэй Квяцінскі, які доўгі час апекаваўся нашай супольнасцю. Ён арганізаваў для нас начлег у сваіх парафіянаў і на сустрэчы быў таксама ўвесь час з намі. Добрай ідэяй было ўзяць з сабою нацыянальны сцяг, бо мінакі адразу сталі вітацца з намі як з беларусамі, і мы адчулі сябе гасцямі гэтага свята — прыезду папы Францішка.

 

На гэтым гасціннасць скончылася... Ды ўсё ў парадку нібыта: была цудоўна арганізаваная сустрэча, была вялікая прыгожая сцэна, быў цікавы канцэрт, служба парадку, зручны падзел на сектары, вялізныя экраны — дзякуй... Але чаму мы былі тут як чужыя? Чаму падчас Вяночку да Божай Міласэрнасці памаліліся і на польскай, і нават на рускай мовах, а на беларускай — не? Нас жа не два чалавекі сюды прыехала… «Добра, перажывём», — падумала я і моцна не маркоцілася на гэты конт. Да таго моманту, калі не настала, на мой погляд, самая крыўдная сітуацыя: прамову папы Францішка,  кранальную, важную, трапную, мы зразумелі... толькі на наступны дзень. Справа ў тым, што заяўленага першапачаткова перакладу прамовы на англійскую мову не было, Папа гаварыў па-італьянску, быў пераклад на літоўскую мову, а ў натоўпе стаяла некалькі сотняў беларусаў, яшчэ болей палякаў, а таксама латышоў і рускіх. Большасць з нас прамовы не зразумела. Кульмінацыі сустрэчы не атрымалася...

Нягледзячы на ўсё гэта, падчас сустрэчы з папам Францішкам для нас быў і пэўны момант радасці, бо мы адчулі, што ўвесь наш Касцёл тут, на гэтай плошчы: і наш галоўны пастыр, і біскупы, і святары, і народ Божы. Да нашай групы ўвесь час падыходзілі беларускія і замежныя журналісты, і мы ахвотна расказвалі ім пра свае ўражанні ад сустрэчы з Папам, пра Касцёл у Беларусі. Для нас гэта было такое натуральнае дзяленне чымсьці вельмі дарагім, а тым больш, калі нас прасілі гэта зрабіць, асабліва свецкія СМІ.

З плошчы мы сышлі адразу, як толькі папа Францішак сеў у машыну. Нашая кампанія з 7-мі чалавек скіравалася ў касцёл святога Барталамея – у парафію віленскіх беларусаў, каб памаліцца на Імшы, якую спецыяльна для нас цэлебраваў брат Андрэй. Мы імкліва ішлі вузкімі тратуарамі, бо ўжо халадала, але зноў нас па дарозе затрымала журналістка і папрасіла даць каментар, і мы зноў шчыра паразмаўлялі пра свае ўражанні і пачуцці, якія нас у той дзень напаўнялі.

— Ведаеш, Воля, — сказала мне Тоня, — мяне ўсё ж крыху непакоіць, што мы сёння ўвесь дзень раздаём інтэрв’ю і амаль не сказалі пра Хрыста. Сказалі пра Папу, пра любоў, пра еднасць, а не пра Хрыста.
— Папа Францішак наогул мала кажа пра Хрыста, больш пра ўчынкі, пра міласэрнасць, — адказаў на гэта брат Андрэй.
— Як думаеце, можа, гэта і добра — прамаўляць да людзей, у тым ліку няверуючых, каб паказаць ім, у чым сутнасць хрысціянства? — запытала Тоня.
— А можа і сапраўды, калі казаць толькі пра Хрыста, то гэта будзе толькі размоваю, іншая справа — казаць, у чым сутнасць веры ў Езуса, а гэта якраз любоў, міласэрнасць, спагада, — падтрымала размову і я.

Паважаю папу Францішка менавіта за тое, што ён гаворыць не абстрактнымі паняццямі, а канкрэтнымі, ён разумее маладога чалавека, разумее таксама і тое, што цяпер найбольш патрэбна Касцёлу, ён у кожнай сваёй прамове актуальны.

Святая Імша адбылася для нас у братэрскай атмасферы. І хіба менавіта на гэтай вячэрняй Імшы Езус сустрэўся са мною. Я глядзела на крыж у касцёле св. Барталамея і не магла адвесці вачэй, я расказала Хрысту ўсё тое важнае, што было ў маім сэрцы, чым быў заняты мой розум. Я зразумела, што Езус сам вырашае, калі пабыць са мною. І на сустрэчы ў Вільні Ён вырашыў, што гэта будзе менавіта ў паўзмроку амаль бязлюднага касцёла, а не на плошчы, напоўненай пілігрымамі.

Цяпер я разумею, што не так важна, адчула я еднасць ці не, зразумела я Папу ці не, важна, што я прыехала на спатканне з Хрыстом, і я з Ім спаткалася, толькі не так, як сама сабе запланавала.

...«Будзьце адважнымі! Следаванне за Хрыстом — гэта захапляльная прыгода, якая напаўняе нашае жыццё сэнсам, якая дае нам адчуць сябе часткаю супольнасці, якая заахвочвае нас і суправаджае нас, якая дае магчымасць служыць. Дарагія маладыя людзі, варта ісці за Хрыстом, не бойцеся ўдзельнічаць у рэвалюцыі, да якой Ён заклікае нас, — рэвалюцыі пяшчоты. <...> Небяспечная рэч — зблытаць дарогу з лабірынтам, з гэтым пустым блуканнем у жыцці вакол самога сябе, не ступаючы на дарогу, якая вядзе наперад. Не будзьце моладдзю лабірынту, з якога цяжка выйсці, але будзьце моладдзю дарогі. Ніякага лабірынту — толькі дарога!»

Гэтыя словы папы Францішка я прачытала ўжо як прыехала дадому. Ён у сваёй прамове казаў шмат пра Езуса і адначасова казаў шмат пра нашае жыццё. Цікава, чаму Папа такі папулярны? Можа, таму што ён стараецца нам дапамагчы і не маралізуе, не асуджае, а спачувае і падтрымлівае?..

«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні,
калі будзеце мець любоў адзін да аднаго»
(Ян 13, 35).


Вольга Качалка
Фота аўтара і Антаніны Гулько

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней