Да ўзаемаразумення праз сведчанне веры

Багатым на цікавыя падзеі і ўражанні выдалася прамінулае лета Году веры для міні­странтаў парафіі Імя Марыі, што ў вёсцы Параф’янава на Докшыччыне. Менавіта ў гэтае лета 12 хлопцаў з парафіі на чале з пробашчам Раманам Мурзічам выправіліся ў першую ў сваім жыцці няблізкую вандроўку — у італьян­скія Кварто і П’ячэнцу, у мясціны, дзе ў свой час ксёндз набываў у вышэйшай духоўнай семінарыі веды для душпастырскай працы. І атрымалі шанц і пашырыць уласны кругагляд, і дакрануцца душою і сэрцам да асаблівасцяў рэлігійнага бытавання народа з адметны­мі, трывалымі хрысціян­скімі традыцыямі. А яшчэ — магчымасць і пераняць што­сьці з чужых духоўных набыткаў, і сваімі падзяліцца, прадэманстраваць волю ды здольнасць да духоўнага ўзрастання.

 Так і было ад самага пачатку той вандроўкі на Апеніны. Актыўны ўдзел гасцей у літургіях, выкананне міністранцкіх абавязкаў, духоўныя чуванні і практыкаванні — усё гэта не магло не застацца незаўважаным гаспадарамі і атрымлівала належную ацэнку, у тым ліку і ў мясцовай прэсе: такой вялікай увагі ні маладыя вер­нікі з Параф’янава, ні іх ксёндз не чакалі. І толькі пасля ўжо, бліжэй да ад’езду, зразумелі, як важна было для тых, хто гэтак гасцінна іх сустракаў і апекаваў на працягу двух тыдняў, атрымаць праз простыя на першы погляд рэчы па­цвярджэнне каштоўнасці і ўлас­най веры, і ўласнай праўды, і ўласнай перакананасці. 

У праграме ж побыту параф’янаўскіх міністрантаў у Кварто і П’ячэнцы, дзякуючы шчодраму спонсарству даўняга італьянскага сябра кс. Ра­мана Альберто Баледзі, такіх рэчаў ды нагодаў хапала і падчас наведання касцёлаў ды семінарыі, і літургіі ў гарах, знаёмства з мясцінамі, баўлення вольнага часу, спартыўных гульняў, купання ў моры, шматлікіх малітоўных і свецкіх сустрэч з мясцовымі католікамі, якія літаральна гатовыя былі выконваць любое пажаданне гасцей, — усё і пералічыць цяжка. Усяго так шмат прыгожага і незвычайнага было падчас вандроўкі, што доўга яшчэ, відаць, будуць маладыя католікі з Параф’янава яе ўзгадваць ды духоўна сілкавацца з яе. Зрэ­шты, ужо сілкуюцца. Адзначаючы прыстойныя, годныя паводзіны маладых людзей падчас вандроўкі, кс. Раман з задавальненнем заўважыў, як больш адказна і больш сур’ёзна пачалі яны ставіцца па вяртанні на радзіму да сваіх міні­странцкіх абавязкаў, як відавочна абудзіліся ў жаданні зведваць новае, пашырыць свой кругагляд, развіваць навыкі супольнага існавання — у касцёле, дома, у школе. Будаваць жыццё так, каб усім і кожнаму было ў ім добра, светла і ўтульна. 

Францішак Дубраўскі.

Фота з архіва парафіі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней