Раздзел 2. Свабода, дар Бога

23. Я шмат разоў нагадваў вам пра ўзрушальную гісторыю, якую распавядае нам Евангелле: Езус знаходзіцца ў чаўне Пятра і адтуль прамаўляе да людзей. Гэты натоўп, які ішоў следам, ізноў распа­ліў у Ім гарачае прагненне ду­шаў, што з’ядае Яго Сэрца. Таму Боскі Настаўнік хоча, каб у Ягоных вучняў таксама нарадзілася гэтае прагненне. Ска­­заўшы ім, каб плылі на глы­біню: (duc in altum!), Ён загадвае Пятру закінуць сеткі для ўлову (пар. Лк 5, 4). 

Я не буду цяпер падрабязна затрымлівацца на гэтай сцэ­не, дарэчы, вельмі павучальнай. Мне хочацца, каб мы паразважалі над тым, як дзейнічае першы сярод апосталаў, убачыўшы цуд: «Адыдзі ад мя­не, Пане, бо я чалавек грэшны» (Лк 5, 8). Я ўпэўнены, што сказанае — праўда, якая датычыць кожнага з нас. Аднак жа паверце, я ў сваім жыцці столькі разоў сутыкаўся з цудамі ласкі Божай, якая дзей­нічае праз чалавечыя ўчынкі, што адчуваю жаданне, з кожным днём большае, усклікаць: «Божа, не адыходзь ад мяне, бо без Цябе нічога добрага не магу ўчыніць!».

Менавіта дзякуючы гэтаму я вельмі добра разумею словы біскупа з Гіпоны, што гучаць як цудоўны спеў аб свабодзе: «Бог, што стварыў цябе без цябе, не збавіць цябе без цябе» [ св. Аўгустын, Sermo CLXIX, 13 (PL 38, 923)]. Усе мы, і ты, і я, маем магчымасць, сумную і нешчаслівую, пайсці супраць Бога, адмовіцца ад Яго (хаця б сваімі ўчынкамі) або ўсклік­нуць: не хочам, каб валадарыў над намі (Лк 19, 14). 

24. З удзячнасцю, разумеючы шчасце, да якога мы па­кліканыя, мы вызнаем, што ўсе істоты былі створаныя з ні­чога Богам і дзеля Бога. І разумныя — людзі, хоць мы даволі часта і губляем розум; і не­разумныя — тыя, што хо­дзяць па зямной паверхні або жывуць у зямных нетрах, або рухаюцца па нябесным блакіце і, не міргаючы, глядзяць на сонца. Але сярод усёй гэтай цудоўнай размаітасці толькі мы, людзі (тут я не кажу пра анёлаў), можам з’яднацца са Стварыцелем дзякуючы сваёй свабодзе: мы можам адмовіцца ад Пана ці ўзнесці хвалу, якая належыць Яму як Аўтару ўсяго, што існуе.

Гэтая магчымасць стварае святлацень чалавечай свабоды. Пан запрашае, натхняе нас выбіраць добрае, бо пя­шчотна нас любіць. «Я паклаў перад вамі жыццё і дабро, смерць і зло. Таму сёння я наказваю табе любіць Пана, Бога твайго, і хадзіць Яго шляхамі, выконваць Яго запаве­дзі, Яго пастановы і Яго законы, каб ты жыў і памнажаўся… Выберы жыццё, каб жыў ты» (Дрг 30, 15–16, 19).

Хочаш, паразважаем (і я таксама прайду гэтае выпрабаванне), ці ты цвёрда і ня­зменна трымаешся свайго рашэння выбіраць жыццё? Калі ты чуеш пяшчотны Божы голас, які заклікае цябе да свя­тасці, ці ты свабодна адказваеш «так»? Звернем нашыя вочы да Езуса, калі Той прамаўляў да людзей у гарадах і вёсках Палестыны. Ён не імкнецца ўразіць або навязаць сваю волю. «Калі хочаш быць дасканалым» (Мц 19, 21), — кажа Ён заможнаму юнаку. Той не прыслухаўся да Хрыста і, як кажа Евангелле, «адышоў засмучаны» (Мц 19, 22). Таму я часам называў яго «маркотныжурботны», бо гэ­ты юнак страціў радасць, адмовіўшыся аддаць сваю свабоду Богу.

25. Цяпер давайце ўзгадаем велічнае імгненне, калі арханёл Габрыэль абвясціў святой Марыі намеры Найвышэйшага. Нашая Маці слухала і пыталася, каб лепш зразумець, аб чым просіць Яе Пан, а пасля цвёрда адказала: «Fiat! Няхай Мне станецца паводле Твайго слова!» (Лк 1, 38). Вось плён найлепшай свабоды — выбраць Бога. 

Ва ўсіх таямніцах нашай каталіцкай веры гучыць гэты спеў свабоды. Найсвяцейшая Тройца стварае з нічога свет і чалавека, свабодна струменячы любоўю. Слова сыхо­дзіць з нябёсаў і становіцца целам, паказваючы цудоўны знак свабоды ў пакоры: «Вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа» ( Гбр 10, 7). Як толькі прыйшоў вызначаны час, калі Бог павінен быў зба­віць чалавецтва з няволі граху, давайце паглядзім на Езуса Хрыста ў садзе Аліўным. Ён страшна пакутуе, нават крывавы пот сцякае з Ягонага ілба (пар. Лк 22, 40). Ён дабравольна і пакорна прымае ахвяру, да якой Яго заклікае Айцец:  «маўчаў як ягнё, якое вядуць на за­рэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх» (Іс 53, 7).

Ён ужо абвясціў гэта сваім у адной з тых размоваў, калі Яго Сэрца дрыжэла і палала, каб тыя, хто любяць Яго, зразумелі, што Ён — адзіная Дарога, і няма іншай, каб наблі­зіцца да Айца: «За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго» (Ян 10, 17–18).

Пераклад з іспанскай мовы 

Юліі Шэдзько.

Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней