51. Хрыстус напярэдадні шмат працаваў і ў дарозе адчуў голад. Падштурхнуты гэтаю патрэбаю, Ён накіроўваецца да смакоўніцы, якая здалёк вабіла пышным лісцем. Святы Марк распавядае нам, што яшчэ не прыйшла пара на смоквы (гл. Мк 11, 13), але наш Пан ідзе за імі, ведаючы вельмі добра, што ў гэты час нічога на смакоўніцы не знойдзе. Аднак жа, пераканаўшыся  ў бясплоднасці дрэва, якое здавалася пладаносным, мела такую шчодрую лістоту, Ён загадвае: «Няхай нікто ніколі не есць з цябе плоду» (Мк 11, 14).

Грунтоўна прамоўлена! Цяпер ты ніколі не прынясеш плёну! Як бы паказалі сябе вучні, калі б зразумелі, што гэта прамаўляе Божая мудрасць! Езус праклінае гэтае дрэва, бо яно толькі ўдавала з сябе плённае, маючы шмат лісця. Такім чынам, мы вучымся, што для безвыніковасці няма апраўданняў. Магчыма, хтосьці скажа: «У мяне недастаткова ведаў»... Гэта не апраўдвае! А некаторыя сцвярджаюць: «Гэта хвароба вінаватая, я не маю вялікага таленту, умовы мне не спрыяюць, асяродак не той»... Гэтыя адмоўкі таксама нічога не вартыя! Гора таму, хто ўпрыгожвае сябе лістотаю фальшывага апостальства, хто хваліцца пышнаю кронаю знешне актыўнага жыцця, не імкнучыся шчыра прынесці плён! Здаецца, што такі чалавек дбала выкарыстоўвае час, рухаецца, арганізуе, вынаходзіць новы спосаб вырашэння задачаў... Але гэта не прыносіць плёну. Ніхто не здолее атрымаць пажыву са сваёй працы без звышнатуральнага соку, які напаўняе яе зместам.

Будзем жа прасіць Пана Бога, каб мы сталі душамі, гатовымі працаваць гераічна і плённа. На зямлі шмат людзей, да якіх можна наблізіцца і знайсці адно толькі лісце: пышнае, вялікае, бліскучае. Адна пустая лістота, толькі яна і нічога больш. А душы бліжніх глядзяць на нас, спадзеючыся насыціць свой голад, голад Бога. Нельга забывацца, што мы маем для гэтага ўсе сродкі, дастаткова ведаў і ласку Божую, нягледзячы на нашыя недахопы.

52. Я ізноў нагадваю вам, што ў нас засталося мала часу — «tempus breve est» (1 Кар 7, 29), бо зямное жыццё кароткае. І маючы ўсе гэтыя сродкі, мы патрабуем толькі добрай волі, каб годна выкарыстаць магчымасці, якія Бог дае нам. З таго моманту, як наш Пан прыйшоў у гэты свет, распачаўся «час спрыяльны, дзень збаўлення» (2 Кар 6, 2) для нас і для кожнага. Няхай Бог, наш Айцец, ніколі не будзе вымушаны скіраваць да нас папрок, які ўжо выказаў калісьці вуснамі Ераміі: «І бусел пад небам ведае сваю вызначаную пару, і галубка, і ластаўка, і журавель сочаць за часам, калі ім прыляцець, а народ Мой не ведае вызначэння Пана» (пар. Ер 8, 7).

Не бывае дрэнных або непрыдатных дзён: кожны дзень добры для таго, каб служыць Богу. Дрэннымі дні становяцца, калі чалавек няздольны іх добра выкарыстаць па прычыне слабой веры, ляноты, нядбайнасці, якая вымушае яго адмовіцца ад супрацоўніцтва з Богам, для Бога. «Благаслаўляць буду Пана ва ўсе часы!» (Пс 34, 2). Час — гэта скарб, які мінае, знікае, цячэ ў нас праз пальцы, як вада з высокіх скалаў. Учора ўжо мінула, і сёння таксама мінае. Жыццё цягнецца вельмі нядоўга. Але колькі ж можна зрабіць за гэты кароткі тэрмін з дапамогаю Божай любові!

Нам не дапамогуць ніякія апраўданні. Бог рупіўся пра нас, цярпліва вучыў нас, тлумачыў свае запаведзі з дапамогаю прыпавесцяў, шчыраваў нястомна. Ён можа спытаць нас, як спытаў Філіпа: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне?» (Ян 14, 9). Прыйшоў час сапраўднай працы, каб выкарыстаць усе імгненні кожнага дня і пераносіць з радасцю і задавальненнем «цяжкі дзень і спёку» (Мц 20, 12).

53.  Думаю, што найлепш скончыць гэтыя разважанні нам дапаможа ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, з другога раздзела. Хрыстус — дзіця. Які боль прынёс Ён сваёй Маці і святому Юзафу, калі, вяртаючыся з Ерузалема, яны не знайшлі Яго сярод сваякоў і сяброў! І якая радасць напоўніла іх, калі ўбачылі Яго яшчэ здалёк, як Езус навучаў ізраільскіх мудрацоў! Але паглядзіце, якія словы, жорсткія, на першы погляд, гучаць з вуснаў Сына, які адказвае Маці: «Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?» (Лк 2, 49). Ці вы не ведалі, што Я павінен прысвячаць увесь свой час Нябеснаму Айцу?

54. Гэта плён нашага сённяшняга малітоўнага разважання: упэўніцца ў тым, што наш зямны шлях ва ўсіх абставінах і ва ўсе часы належыць Богу, гэта — скарб хвалы, адбітак Нябёсаў. І ён у нашых руках — цуд, якім мы павінны распараджацца адказна, тварам у твар да людзей і Бога, каб не было патрэбы ўсё раптоўна змяняць. Мы павінны, знаходзячыся там, дзе знаходзімся, асвячаць сваю прафесію і месца працы, сваё сямейнае жыццё, сацыяльныя стасункі, усю сваю дзейнасць, якая толькі здаецца нам зямной.

Калі мне было дваццаць шэсць гадоў і я найглыбей адчуў абавязак служыць Богу ў Opus Dei, я з усяго сэрца прасіў Яго даць мне мудрасць васьмідзесяцігадовага старога. Я прасіў старасці ў Бога з дзіцячай прастадушнасцю пачаткоўца дзеля таго, каб умець распараджацца часам, каб навучыцца атрымліваць карысць ад кожнай хвіліны служэння Яму. Пан Бог можа адарыць гэтым скарбам. Магчыма, мы з вамі калісьці зможам сказаць: я зразумеў больш, чым старыя, бо выконваў Твае запаведзі. Маладосць — зусім не значыць легкадумнасць, як сівізна ў валасах зусім не значыць разважнасць і мудрасць.

Давайце ўзглянем разам на Маці Божую. О нашая Маці, якая бачыла ўзрастанне Езуса, якая бачыла Яго плённую працу сярод людзей, навучы мяне выкарыстоўваць свае дні дзеля дабра Касцёла і душаў. Навучы мяне, о добрая Маці, заўжды, калі гэта патрэбна, чуць у самай глыбіні свайго сэрца, нібы лагодны дакор, што мой час належыць не мне, а нашаму Нябеснаму Айцу.

Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней