Што для мяне год веры?

Мэта мерапрыемстваў (акцый) кшталту Свята, Дзень, Угодкі, Год  — нагадаць грамадству пра знамянальную дату, падзею ці з’яву, а праз тое — задзейнічаць у праявах калектыўнай памяці пра іх як мага большую колькасць людзей. У выніку ж — павярнуць чалавека тварам да чагосьці, што ў паўсядзённай мітусні часам не знаходзіць належнага водгуку, успрымаецца як звыклая дадзенасць — даніна абавязку, спадчыннай прыналежнасці альбо традыцыі. Пра тое, што значыць для іх асабіста аб’яўлены Касцёлам сёлетні Год веры, разважаюць маладыя вернікі — студэнты з Віцебска.

Таццяна Пяткевіч:
— Што для мяне Год веры? Здаецца, і простае, і разам з тым — няпростае пытанне. Я веру ў тое, што пасля смерці ёсць іншае — вечнае — жыццё. Што кожны з нас па адыходзе з жыцця зямнога стане сам-насам перад вачыма Бога. Што кожнаму ў рэшце рэшт давядзецца рабіць справаздачу перад Богам за свае грахі.

Але на працягу свайго 18-гадовага жыцця я нярэдка сустракала людзей, далёкіх ад веры. На першы погляд здаецца, што гэта нармальна, бо кожны вольны і мае права жыць, як хоча. Але  вельмі сумна, калі натыкаешся на чалавека ваяўніча-саманадзейнага, які пачынае табе даводзіць, што вернікі — гэта сляпыя, якія не ведаюць, куды ісці, і якія ў жыцці ніякага іншага шляху, апроч шляху ў касцёл ці царкву, не бачаць. З’яўляецца жаданне давесці сваю праўду, ды, на жаль, не заўсёды гэта атрымліваецца.

Таму і чакаю я ад Году веры…  сапраўднай веры. Спадзяюся, што ўсе мы хоць крыху іначай пачнем глядзець на сябе, на свет, на ўсё, што ёсць вакол нас. Чакаю, што людзі, якія не вераць, — павераць, якія хварэюць — выздаравеюць, якія чакаюць — дачакаюцца… Напэўна, гэта ўтопія — так думаць. Але ж вера — гэта выратаванне. Наша выратаванне, усіх і кожнага.


Андрэй Шчарбіцкі:
— У Год веры я чакаю змянення стаўлення да рэлігіі,
да Бога тых людзей, якія сёння яшчэ не вераць у Яго. Чакаю, што яны пачнуць наведваць святыню і жыць паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. Таксама спадзяюся на як мага хутчэйшае аднаўленне храмаў, каплічак, якіх шмат у нас у Беларусі, каб яны неўзабаве расчынілі свае дзверы для вернікаў. Безумоўна, важнай падзеяй гэтага году для католікаў Віцебшчыны і ўсёй краіны стане святкаванне 400-годдзя будслаўскага абраза Маці Божай. Вось і я з радасцю чакаю таго моманту, калі тысячы вернікаў з розных куткоў свету наведаюць слаўнае мястэчка і яго касцёл, каб супольна памаліцца за вырашэнне такой надзённай праблемы, як крызіс веры ў сучасным грамадстве.
   


Дыяна Лось:
— Хацелася б, каб Год веры стаў сапраўдным годам спагады і добразычлівасці, узаемаразумення паміж людзьмі. Бо калі ў тваім сэрцы ёсць Бог, ён заўсёды дапаможа табе ісці ў правільным кірунку. Бог заўжды дапамагае, калі чалавек верыць у Яго і Яму давярае. Таму трэба найперш дзякаваць Богу, а не толькі чакаць і прасіць дапамогі ў цяжкую хвіліну... 

 


Вераніка Шыпіла:
— Я спадзяюся, што ў Год веры вера будзе палымнець у сэрцы кожнага, хто яе прагне, і што тыя, хто яе мае, абавязкова запаляць ёю астатніх. Хацелася б, каб моладзь часцей наведвала храмы і не забывалася пра самае дарагое, што ёсць на свеце, — пра бацькоў. Каб узаемадапамога і павага сталі падмуркам  адносінаў. Каб усе,  хто мае праблемы са здароўем, не гублялі спадзеву на лепшае і верылі, што малітва можа здзяйсняць цуды. Каб у тых, хто любіць Беларусь, ніколі не апускаліся рукі, каб заўсёды хапала моцы на чаканне і… веру. Каб усё больш дзяцей з дапамогаю бацькоў прыходзіла да веры і Бога, каб іх маленькія сэрцы, адчуўшы свята пры ўваходзе ў храм, пранеслі гэтае чыстае ўражанне праз усё жыццё.
 


Таццяна Дубоўская:
— Год веры — гэта час, калі чалавеку дадзена магчымасць асэнсаваць, чым асабіста для яго з’яўляецца вера. Вядома, вера не патрабуе доказнасці свайго існавання, яна існуе а priori. Яна надае чалавеку духоўную моц, дапамагае вытрываць у самыя складаныя моманты, а галоўнае — жыць у адпаведнасці з Божымі запаведзямі.

На жаль, чалавек часам страчвае веру, становячыся ахвярай уласных жаданняў і спакусаў, залежным ад мноства людзей і рэчаў. І толькі навяртанне  дапамагае кожнаму з нас быць па-сапраўднаму вольнымі ў сваіх дзеяннях і ўчынках.

Год веры для мяне — гэта не толькі шчырыя малітвы ў касцёле, але і час чарговага спазнання такіх каштоўнасцяў, як дабрыня, міласэрнасць, спагада, любоў, якіх так не хапае ў сучасным свеце.

Падрыхтаваў Францішак Дубраўскі.

Цэтлікі: Год веры

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней