57. З моманту свайго стварэння чалавек павінен быў працаваць, і гэта не мая прыдумка. Дастаткова разгарнуць Святое Пісанне на першых старонках, і там мы прачытаем, што яшчэ да таго, як «грэх увайшоў у свет і праз грэх смерць» (Рым 5, 12), пакуты і няшчасце, што стала вынікам гэтага правапарушэння, Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і стварыў для яго, і даў яму ў панаванне гэты свет, такі прыгожы, ut operaretur et custodiret illum, «каб урабляць яго і захоўваць яго» (пар. Быц 2, 15).

Такім чынам, мы павінны ўпэўніцца, што праца — гэта дзівосная рэальнасць, дадзены нам непарушны закон, ад якога мы ўсе ў той ці іншай меры залежым, хоць некаторыя імкнуцца гэтага пазбегнуць. Добра запомніце: абавязак працаваць узнік не як наступства першароднага граху і не з’яўляецца вынаходніцтвам новага часу. Праца — гэта абавязковы лад жыцця, які Бог давярае нам тут, на зямлі, працягваючы нашыя дні і даючы нам удзельнічаць у сваёй справе стварэння, каб такім чынам мы ўтрымлівалі сябе і адначасова збіралі «плён для жыцця вечнага» (Ян 4, 36). Чалавек народжаны працаваць, як птах народжаны лётаць.

Вы запярэчыце мне, што мінула шмат стагоддзяў і мала хто мысліць гэткім чынам, а большасць людзей, калі працуе зацята, то зусім па іншых прычынах: адны — дзеля грошай, іншыя — каб утрымліваць сям’ю, яшчэ іншыя — каб дасягнуць высокага сацыяльнага статусу, каб развіваць свае здольнасці, каб задаволіць свае бязладныя схільнасці, каб зрабіць унёсак у сацыяльны прагрэс. І наогул, людзі ставяцца да сваіх працоўных абавязкаў як да неабходнасці, якой немагчыма пазбегнуць.

Каб супрацьстаяць такому светапогляду, спрошчанаму, эгаістычнаму і рабалепнаму, мы з вамі павінны нагадваць сабе і іншым людзям, што з’яўляемся Божымі дзецьмі і нас, як герояў евангельскай прыпавесці, Айцец гэтаксама заклікае: «Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку» (Мц 21, 28). Я запэўніваю вас, калі мы штодня будзем гэтак заўзята ставіцца да сваіх абавязкаў як да Божага патрабавання, мы навучымся завяршаць свае справы з большай чалавечай і надпрыроднай дасканаласцю, якая перавышае нашыя здольнасці. Магчыма, калісьці мы пачнем бунтавацца, як старэйшы сын з прыпавесці, які адказаў на заклік айца: «Не хачу» (Мц 21, 29), але, апамятаўшыся, пашкадуем і прыкладзем яшчэ больш высілкаў да выканання абавязку.

58. «Калі адна толькі прысутнасць чалавека, чыё меркаванне сапраўды варта браць пад увагу, вымушае ўсіх астатніх паводзіць сябе лепш, чаму ж прысутнасць Бога, заўсёдная і паўсюдная, якую адчувае і ўдзячна любіць нашая душа, не вымушае нас заўжды быць лепшымі ў сваіх словах, учынках і пачуццях?» (Клімент Александрыйскі, Stromata, 7, 7; PG 9, 450–451).

Сапраўды, калі б мы заўжды добра ўсведамлялі, што Бог сапраўды прысутнічае ў нашым жыцці, калі б мы бралі пад увагу, што ўсе нашыя справы, абсалютна ўсе — бо нішто не можа схавацца ад Яго пагляду — адбываюцца ў Божай прысутнасці, як бы мы дбалі пра належнае выкананне сваёй працы, як кардынальна змянілася б нашае стаўленне да жыцця! Вось ён, сакрэт святасці, які я прапаведую цягам столькіх гадоў: Бог паклікаў нас усіх, каб мы наследавалі Яго. Ён паклікаў вас і мяне, каб мы, самыя звычайныя людзі, жывучы ў свеце, навучыліся ставіць Хрыста, нашага Пана, у цэнтр усіх добрасумленных чалавечых справаў.

Цяпер вы зразумееце яшчэ лепш, што калі нехта з вас не любіць сваёй працы (той, якая адпавядае яго пакліканню), калі не адчувае сябе па-сапраўднаму ўцягнутым у пэўны годны зямны занятак, каб асвячаць яго, калі яму бракуе паклікання да пэўнай прафесіі, такому чалавеку ніколі не спасцігнуць найвышэйшую сутнасць настаўлення, якое святар выкладае тут для вас. І менавіта з той прычыны, што яму бракуе адной неабходнай умовы: быць працаўніком.

59. Мне хочацца, каб вы ўзялі пад увагу (і гэта не знак самазакаханасці з майго боку), што я адразу разумею, калі мае словы ідуць на пустое, калі мой суразмоўца адным вухам слухае, а другім выпускае. Дазвольце мне адкрыць вам сваё сэрца, каб вы маглі разам са мною дзякаваць Богу. Калі ў 1928 годзе я зразумеў, чаго Пан Бог хоча ад мяне, я адразу ж узяўся за працу. Тады многія палічылі, што я з глузду з’ехаў (дзякуй Табе, Божа, за тое, што я мусіў шмат пакутаваць і шмат любіць!); іншыя ж, дэманструючы сваё спачуванне, называлі мяне летуценнікам, які марыць пра немагчымае. Нягледзячы на цяжкасці і ўласную слабасць, я працягваў працаваць не пакладаючы рук. І паколькі гэтая справа не сыходзіла ад мяне, яна прабіла сабе шлях сярод цяжкасцяў і сёння распаўсюдзілася ад краю да краю зямлі, і стала нормай, натуральнай для большасці людзей. І ўсё гэта таму, што Бог пажадаў, каб яе палічылі боганатхнёнай.

Я ўжо сказаў вам, што мне дастаткова перакінуцца некалькімі словамі з чалавекам, каб уцяміць, разумее ён мяне ці не. Я не квахтуха на гняздзе, якой падкладаюць качынае яйка, а тая з цягам часу, калі птушаняты вылупліваюцца са шкарлупінаў, бачыць, як пухнаты шарык няўпэўнена перабірае сваімі лапкамі — адна туды, другая сюды, і раптам усведамляе, што гэта не яе птушаня, што яно ніколі не навучыцца ціўкаць, колькі яго ні вучы. Я ніколі не ставіўся дрэнна да тых, хто ад мяне адвярнуўся, калі на сваё прагненне дапамагчы атрымліваў няветлівы адказ. Я памятаў надпіс на шыльдзе, якую ўбачыў у 1939 годзе на адным будынку, дзе праводзіў рэкалекцыі самоты для студэнтаў універсітэта. Гэта была малітва і добрая парада: «Кожны, хто ідзе, няхай ідзе сваім шляхам».

60. Прабачце мне гэтае адступленне, і хоць мы не адхіліліся ад тэмы, давайце вернемся ізноў да нашай размовы. Я хачу пераканаць вас, што прафесійнае пакліканне з’яўляецца неад’емнаю сутнаснаю часткаю нашага хрысціянства. Бог хоча, каб вы былі святымі там, дзе знаходзіцеся, на той працы, якую вы выбралі, якія б ні былі на гэта прычыны, — мне ўсе яны здаюцца добрымі і годнымі, калі не абвяргаюць Божы закон. Усе яны здольныя быць узнятымі да боскага ўзроўню, то бок, стаць струменем у плыні любові, якою з’яўляецца жыццё Божага дзіцяці.

Не магу заглушыць у сабе трывогі, калі хтосьці, распавядаючы пра сваю працу, удае з сябе ахвяру, запэўніваючы ўсіх, што яна паглынае немаведама колькі часу на дзень. Насамрэч жа ён не робіць і паловы таго, што выконваюць яго калегі, якія, магчыма, рупяцца з эгаістычных або з выключна чалавечых прычынаў. Усе мы, сабраныя тут, хто вядзе асабісты дыялог з Езусам, таксама выконваем добра акрэсленыя абавязкі медыка, адваката, эканаміста...

Паразважайце крыху пра тых сваіх калегаў, хто вылучаецца прафесійным аўтарытэтам, руплівасцю, адданай працай: ці ж яны не прысвячаюць сваім абавязкам шмат часу ўдзень і нават уначы? Ці ж не варта браць іх за прыклад?

Я кажу і адначасова разважаю пра ўласныя паводзіны. Прызнаюся, калі задаю гэтае пытанне сабе самому, мне адразу ж становіцца крыху сорамна і хочацца, не адкладаючы, прасіць прабачэння ў Бога за варты жалю адказ, такі далёкі ад паклікання, якое Бог прадвызначыў нам у свеце. «Хрыстус, — піша адзін з айцоў Касцёла, — пакінуў нас быць светачамі, каб мы сталі настаўнікамі для іншых, каб мы дзейнічалі як закваска, каб мы жылі як анёлы сярод людзей, як дарослыя між дзяцей, як людзі духу сярод людзей выключна рацыянальных, каб мы былі зернем, каб прыносілі плён. Не было б патрэбы раскрываць рот, калі б нашае жыццё ззяла такім бляскам. Словы былі б непатрэбныя, калі б мы прамаўлялі ўчынкамі. Не было б аніводнага язычніка, калі б мы былі сапраўднымі хрысціянамі» (святы Ян Залатавусны, In Epistolam I ad Timotheum homiliae, 10, 3; PG 62, 551).


Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней