ХХIV Звычайная нядзеля, Год B (12.09.2021)

Пасля Езус са сваімі вучнямі пайшоў у паселішчы Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: «Кім лічаць Мяне людзі?» Яны адказвалі Яму: «Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў». А Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Пётр сказаў Яму: «Ты — Хрыстус». Тады Ён забараніў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

Ён пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць. Казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. Але Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, кажучы: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае».

Затым, паклікаўшы натоўп разам са сваімі вучнямі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.

(Мк 8, 27–35)

Досвед даверу

Дарагія сябры, сённяшні евангельскі ўрывак для мяне асабліва важны. Я растлумачу чаму, але спачатку нагадаю, якія падзеі там адбываюцца. Пан Езус пытаецца ў вучняў, кім людзі лічаць Яго. І вучні адказваюць, што некаторыя лічаць Яго Іллём або іншым старажытным прарокам. А калі Пан Езус пытаецца, кім яны Яго лічаць, Пётр адказвае: «Ты — Хрыстус», то бок, Месія. У Евангеллі паводле Марка гэтых словаў няма, але з іншых Евангелляў мы ведаем адказ Езуса на гэтыя словы: «Сам Бог, Пётр, адкрыў табе гэта». У гэтым урыўку Езус пачынае гаварыць пра свае пакуты, пра тое, што шлях да ўваскрасення ляжыць праз крыж. Тады Пётр просіць Пана Езуса так не гаварыць, бо гэта горкія словы. Пан Езус дакарае Пятра і кажа: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае».

Ведаеце, чаму гэты ўрывак важны для мяне? Аднойчы гэтыя евангельскія словы сталі дзейнічаць у маім жыцці. Шмат гадоў таму мы ў парафіі пачалі служэнне: я стаў хадзіць у шпіталь, размаўляць з хворымі, спавядаць. Калі мы толькі пачыналі, некалькі месяцаў нічога асаблівага не адбывалася. Але аднойчы, гэта было акурат увосені, я прыйшоў у палату, спытаў, ці ёсць тут католікі. Мне сказалі: ёсць адна бабуля, але яна цяпер выйшла. І тут адна жанчына сказала: «Я, здаецца, таксама каталічка». Яна пачала са мной размаўляць. Гэта была вельмі важная размова, я разумеў, што Святы Дух адкрыў яе сэрца. Яна сказала, што дзякуючы гэтай сустрэчы адкрыла сэрца для Бога.

Пасля я пайшоў у іншыя палаты, да іншых хворых. А вяртаючыся, убачыў, што ў той палаце нешта адбываецца. Аказалася, што жанчыне, з якой я толькі што размаўляў, раптам стала горш. Здарыўся інсульт. Нехта мне сказаў: «Яна з Вамі пагаварыла — і ёй стала горш». Я вяртаўся дамоў са шпіталя і дакараў Пана Езуса, як Пётр: «Пане, што Ты зрабіў? Так нельга, Пане. Што людзі падумаюць? Святар размаўляе з жанчынай — і ёй раптам становіцца горш. Хто ж захоча з Табою быць?». Так я ішоў і дакараў Хрыста. Нават у жарт сказаў: «Пане, не думай, што я стану Цябе абараняць. Гэта Ты мусіш мяне абараніць, а не наадварот». І мне стала смешна. У той дзень у літургіі таксама чытаўся гэты евангельскі ўрывак. І я зразумеў, у чым рэч. Я атрымаў досвед смерці і ўваскрашэння.

На наступным тыдні я ішоў у шпіталь устрывожны: што там мяне чакае, што людзі будуць пра мяне думаць? Аказалася, што ўсе ставяцца да мяне добра. Са мной звязалася пасля дачка той жанчыны. Яна сказала: «Мама памерла. Вы былі апошнім чалавекам, з якім яна размаўляла. Пасля інсульта яна ўжо не загаварыла. Але ў ёй было столькі супакою і радасці! Я цяпер таксама хачу прыйсці ў касцёл». У мяне было пачуццё, што ўсё адбылося не так, як я мог уявіць. Я зрабіў бы ўсё інакш. А Пан Езус не толькі нікога не згоршыў, але і прывёў да сябе.

Я б хацеў падзяліцца з вамі сваёй верай, думкамі наконт таямніцы цярпення і таго, што павінна і што не павінна адбывацца. Ведаеце, калі я аб нечым прашу ў Бога, нават калі гэта дробязі: надвор’е або каб нейкія клопаты мяне абмінулі, то я ніколі не ўпэўнены, што будзе, як я хачу. Я ведаю, што ў жыцці ёсць таямніца пакутаў, таямніца цярпенняў і памірання. Але я глыбока веру, што ў любой сітуацыі я не буду адзін, а са мной будзе Бог, які дасць мне сілы, святло і здольнасць перамагчы. Хрысціянства — вера не ў тое, што смерці не будзе. Мы верым ва ўваскрашэнне. Мы верым, што ёсць смерць, але яна не канец. Мой давер Богу — не перакананне, што ўсё будзе, як я хачу, а вера ў тое, што Ён мяне ніколі не пакіне і дасць мне больш, чым я магу сабе ўявіць.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней