На шляху да святасці. Як пачыналася гісторыя жыцця Зыгмунта Лазінскага?

Зыгмусь з Бараціна стаў святаром, выкладчыкам універсітэта, потым біскупам, цяпер ён — слуга Божы… Як пачыналася гісторыя яго жыцця?


Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 года. Разам з бацькамі Уладзіславам Альбертам і Людвікаю Марыяю Чачот, пяццю братамі і сястрою ён перажыў пераслед духоўных асобаў, забіранне касцёлаў, прымусовы перавод святароў і свецкіх католікаў усходняга абраду ў праваслаўе, ліквідацыю каталіцкіх кляштараў, школ, бібліятэк, прымусовае ўвядзенне рускай мовы ў касцёльныя набажэнствы, абавязванне каталіцкай моладзі ўдзельнічаць у праваслаўных набажэнствах, выключэнне са школы непадатлівых, у лік якіх трапіў і ён сам. Але такія палітычныя і рэлігійныя варункі не мелі негатыўнага ўплыву на стасункі хлопца з Богам, Касцёлам і людзь­мі. Ён выхоўваўся ў трывалым каталіцкім асяроддзі: у сям’і і сярод наваградскага люду, непадатлівага русіфікацыі і націску праваслаўя.

Зыгмусю з дзяцінства падабаліся літургічныя абрады, якія ён часта праводзіў дома. Ён майстраваў алтар, апранаўся ў нешта зробленае ім з паперы, што нагадвала літургічную вопратку, і інсцэніраваў набажэнства або святую Імшу, даручаючы аднаму з братоў прыслугоўваць падчас «цэлебрацыі». У гульні «Сейм у даўнейшай Польшчы» Зыгмунт заўсёды выконваў ролю біскупа, прымаса.

У юнацкія гады Лазінскі праяўляў прыхільнасць да рэчаў, звязаных са служэннем Богу і касцёльным справам. Знахо­дзячыся ў таварыстве аднагодак або малодшых прыяцеляў, ён часта сваволіў, весяліў прысутных простымі аповедамі. Хлопец лёгка станавіўся прызнаным ініцыятарам розных дзіцячых і юнацкіх забаваў. Ён вельмі любіў ездзіць конна, а вось паляванне яму зусім не падабалася. Дзякуючы сваёй сумленнасці Зыгмунт быў аўтарытэтам для братоў і сяброў з прыязных да яго сем’яў. Будучы слуга Божы найбольш любіў чытаць кнігі, удзельнічаць у размовах са старэйшымі сваякамі, вучыцца ў іх мудраму падыходу да людзей, да грамадскіх, касцёльных, палітычных справаў.

Вялікае ўражанне на Лазінскага мела прыняцце Першай святой Камуніі разам з братам Вацлавам. Гэта ўрачыстасць адбылася вясною 1881 г. 13 чэрвеня (або 11) у Варшаве ў касцёле св. Аляксандра, якім апекаваліся айцы кармэліты. Абодва браты пастанавілі ўжо больш ніколі не абражаць Пана Бога і быць паслухмянымі бацькам. У гэты дзень Зыгмунт атрымаў ад свайго дзядзькі, кс. Вітальда Чачота, абразок з надпісам: «Зыгмунце! Верна захоўвай тое, што паабяцаў Пану Езусу ў дзень Першай святой Камуніі».

Абяцанне Зыгмунт ахутаў таямніцаю. У сям’і толькі здагадваліся пра тое, што ён паабяцаў Езусу быць паслухмяным. Слуга Божы на працягу ўсяго жыцця, кожны год, урачыста адзначаў гадавіну сваёй Першай святой Камуніі і чытаў пажаданне дзя­дзькі з абразка.

Пасля ўрачыстасці Першай святой Камуніі браты Зыгмунт і Вацлаў вельмі моцна хацелі стаць міністрантамі. Паспяхова рэалізаваць іх жаданне дапамог дзядзька Вітальд, які атрымаў святарскае пасвячэнне 27 чэр­веня 1881 года. Першы дзень міністранцкага служэння хлопцы перажывалі як вялікае свята, як радасную падзею.

Атрымаўшы пачатковую хатнюю адукацыю, Зыгмунт здаў экзамен у другі клас V Дзяржаўнай гарадской гімназіі ў Варшаве з гуманітарным ухілам. Вучнямі гімназіі былі палякі, рускія, габрэі, якія не маглі ўтварыць дружнай сяброўскай супольнасці. Настаўнікі выконвалі свае абавязкі фармальна, без асаблівага далучэння да справы выхавання вучняў.

Зыгмунт вучыўся старанна, атрымліваў добрыя адзнакі. Ён цярпліва зносіў дробныя крыўды, стараўся быць зычлівым, не любіў фальшу, хлусні, дрэнных словаў і амаральных аповедаў. Ён заставаўся верным сямейнай традыцыі ў рэлігійных практыкаваннях і маральных паводзінах і з-за гэтага крыху не падабаўся гімназістам.

Зыгмунт Лазінскі цудоўна авалодаў матэматыкай, гісторыяй, геаграфіяй, польскаю, нямецкаю, французскаю мовамі, рэлігіязнаўствам. Вывучэнне іншых прадметаў таксама не выклікала ў яго цяжкасцяў. Крызіс адбыўся ў пятым класе, калі ён пачаў атрымліваць здавальняючыя адзнакі па грэцкай, лацінскай і рускай мовах. На шчасце, іншыя прадметы даваліся добра, таму вучань быў дапушчаны пасля канікулаў да папраўчых экзаменаў. Ён здаў запазычанасці, але таксама і ў шостым класе «кашмар старажытных моваў» не адпускаў яго. Тады Лазінскі здаў заключныя экзамены ў варшаўскай гімназіі і з вялікай радасцю прыняў прапанову бацькоў і дзядзькі святара прадоўжыць вучобу ў духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, дзе яго дзядзька быў выкладчыкам і духоўным айцом.

Пакідаючы Варшаву, Зыгмунт Лазінскі захаваў у сваім сэрцы і памяці дзве значныя падзеі: урачыстасць Першай святой Камуніі і сакрамэнту канфірмацыі, а таксама асаблівую павагу да настаўніка матэматыкі, сведкі сакрамэнту канфірмацыі — пана Храмінскага.

У Пецярбургу Зыгмунт Лазінскі жыў разам з дзядзькам у будынку семінарыі. Па ўласнай волі хлопец вёў жыццё семінарыста: штодзённа ўставаў, як і яны, а 5-й раніцы, ішоў у капліцу семінарыі, каб удзельнічаць у супольных малітвах, разважаннях і св. Імшы. Вечарам, выканаўшы хатняе заданне, ён чытаў якую-небудзь рэлігійную кнігу, рабіў рахунак сумлення, маліўся пацеры і клаўся спаць. І так рабіў на працягу чатырох гадоў.

Зыгмунт Лазінскі меў пастаяннага спаведніка — кс. каноніка Сідаровіча, і часта прымаў св. Камунію. Вольныя хвіліны юнак праводзіў сярод семінарыстаў, ахвотна прымаў удзел у іх размовах і забавах. Ён пасябраваў з семінарыстамі Юзафам Зэлбам, будучым прэлатам Пінскай капітулы; Фрэдэрыкам Язафатам Жыскарам, гісторыкам, аўтарам шматтомнай працы «Нашы касцёлы»; і са Станіславам Пшырэмблам, будучым прэлатам Магілёўскай капітулы. Гэта былі інтэлігентныя, старанныя і вясёлыя хлопцы. Яны з захапленнем размаўлялі пра будучую святарскую працу, абмяркоўвалі філасофскія і тэалагічныя пытанні, а таксама дзяліліся зместам прачытаных кніг. Ён скончыў гімназію з залатым медалём.

Надышоў час выбару новага месца ў грамадстве. Суседка бачыла ў Зыгмунце выдатнага зяця і прыкладала да вырашэння сваёй мары розныя намаганні. Бацька заахвочваў сына паступаць ва ўніверсітэт. Тым часам юнак яшчэ да здачы экзамену прыняў рашэнне ісці ў духоўную семінарыю. Гэта быў яго сакрэт, якім ён падзяліўся толькі з братам Вацлавам і сябрамі семінарыстамі. Духоўныя асобы, якія ведалі юнака, верылі, што Бог даў яму дар паклікання да святарства, і ён будзе вельмі добрым святаром, таму шчыра з ім размаўлялі, заахвочваючы да вучобы ў семінарыі.

Безумоўна, сам стыль жыцця семінарыстаў і святароў, якіх наведваў Зыгмунт, жывучы ў дзядзькі, быў таксама Божым дарам, які разам з іншымі Божымі ласкамі дапамагаў юнаку пры­няць найвялікшы Божы дар — пакліканне да святарства.

Нарэшце надышоў момант адкрыць сакрэт бацькам, меркаванне якіх Зыгмунт заўсёды цаніў. Яны былі духоўна падрыхтаваныя да гэтай сямейнай размовы, таму, на вялікую ўзаемную ра­дасць, выказалі сваю згоду.

Зыгмунт Лазінскі падчас канікулаў чытаў філасофскія і тэалагічныя кнігі, сумаваў па сябрах з семінарыі. Пасля канікулаў ён спачатку накіраваўся ў Вільню, каб памаліцца перад цуда­дзейным абразом Маці Божай Вастрабрамскай, а потым паехаў у Пецярбургскую духоўную семінарыю.

У духоўнай семінарыі Магілёўскай архідыяцэзіі будучы Слуга Божы распачаў новы этап свайго жыцця. Перад гэтым ён правёў трохдзённыя рэкалекцыі пад кіраўніцтвам кс. Вітальда Чачота, вызнаў грахі з усяго свайго жыцця ў пастаяннага спаведніка — кс. Сідаровіча, а 8 верасня 1889 года, ва ўрачыстасць Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, Зыгмунт Лазінскі перажыў даўно чаканы абрад аблучынаў — апранання святарскай сутаны. Ён быў вельмі шчаслівы...

У семінарыі Зыгмунт быў даволі актыўным. Ён старанна вучыўся, заўважна ўплываў на жыццё семінарыйнай супольнасці і ўзрастаў у хрысціянскай дасканаласці. Быў ініцыятарам і рэдактарам штотыднёвіка «Семінарыйны агляд». Зыгмунт Лазінскі ахвотна дапамагаў сябрам у вучобе. Згодна з рашэннем кіраўніцтва семінарыі праз два гады вучобы, застаючыся семінарыстам, Лазінскі становіцца студэнтам Духоўнай акадэміі. Гэта быў свое­асаблівы аванс у фармацыі святарства. Аднак Зыгмунт лічыў, што ў вучобе трэба захоўваўваць меру, каб яна не засланяла розуму і не перашкаджала выконваць усе належныя яму ў той час абавязкі. Ён лічыў, што пакорная пабожнасць з’яўляецца больш вартаю, чым дасягненні ў вучобе. Гэта былі першыя крокі слугі Божага на шляху да святасці.


Падрыхтаваў кс. Станіслаў Паўліна fDP,
былы кусташ грабніцы слугі Божага біскупа
Зыгмунта Лазінскага

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней