«Імя Бога — Міласэрнасць» Размова з папам Францішкам

Пасля абрання кардынала Хорхэ Берголіа на пасад Святога Пятра ў сакавіку 2013 года ключавой ідэяй яго Пантыфікату стала ідэя міласэрнасці. Падчас першай св. Імшы, якую Папа цэлебраваў як Пантыфік, ён сказаў: «Пасланне Езуса Хрыста — міласэрнасць... Гэта самае важнае пасланне Бога». Папа Францішак паўтараў гэта неаднаразова, і кульмінацыяй у развіцці гэтай ідэі стала абвяшчэнне Юбілейнага Году Міла­сэрнасці.


Што менавіта папа Францішак мае на ўвазе пад словам «міласэрнасць»? Гэта паспрабаваў высветліць ватыканскі рэпарцёр Андрэа Тарнэллі, які пераканаў Папу даць адмысловае інтэрв’ю, якое пазней з’явілася ў выглядзе кнігі.

Доўгая серыя пытанняў-адказаў можа падацца нялёгкаю для ўспрыняцця, але даступная, зразумелая і простая мова папы Францішка, шматлікія прыклады з яго ўласнага жыцця прыносяць сапраўднае задавальненне ад чытання кнігі «Імя Бога — Міласэрнасць».

Мы друкуем урыўкі з кнігі-інтэрв’ю італьянскага журналіста Андрэа Тарнэллі з папам Францішкам. Кніга выйшла з друку 12 студзеня 2016 года і выдадзеная ў 86-ці краінах свету. 

— Што значыць для Вас міласэрнасць?

— Этымалагічна слова «міласэрнасць» (па-лацінску misericordia. — Рэд.), азначае «адкрыць сэрца ўбогім, няшчасным». І гэта адразу скіроўвае нас да Пана: міласэрнасць — гэта Божае дзеянне, якое ахінае нас, гэта адданасць Бога, які шчыра прымае нас, спяшаецца нам прабачыць. Езус сказаў, што прыйшоў не да праведнікаў, а да грэшнікаў. Ён прыйшоў не да здаровых, якім лекар не патрэбны, а да хворых. 

Таму можна сказаць, што міласэрнасць — гэта асноўная ўласцівасць Божай Асобы. Мяне заўжды вельмі ўражвала гісторыя Ізраэля, якую апавядае Святое Пісанне ў 16-м раздзеле кнігі Эзэхіэля. Там Ізраэль параўноўваецца з дзяўчынкай, якой не абрэзалі пупавіну, а пакінулі ляжаць у крыві адну. Бог убачыў, як яна боўтаецца ў сваёй крыві, абмыў яе, абрэзаў, спавіў, а калі яна вырасла, упрыгожыў шоўкам і аздобамі. Яна ж, закаханая ва ўласную прыгажосць, стала чужаложыць, не дазваляючы, каб ёй плацілі, а сама плацячы сваім каханкам. Але Бог не забыў пра свой запавет і паабяцаў даць ёй сясцёр, каб дзяўчына-Ізраэль прыгадала свае паводзіны і засаромелася (гл. Эзх 16, 63), калі Бог даруе ёй усё, што яна рабіла.

Для мяне гэта адно з найважнейшых аб’яўленняў: ты надалей будзеш выбраным народам, табе будуць прабачаныя ўсе твае грахі. Менавіта так: міласэрнасць глыбока з’яднаная з Божаю вернасцю. Пан Бог верны, бо не можа адпрэчыць сябе самога. Гэта добра тлумачыць святы Павел у Другім пасланні да Цімафея: «Калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо ад самога сябе адрачыся не можа» (2 Цім 2, 13). Ты можаш адрачыся ад Бога, можаш грашыць супраць Яго, але Бог не можа адрачыся ад сябе самога, Ён застаецца верным. 

Gregorio Borgia / AP Photo

— Якое месца займае міласэрнасць у Вашым сэр­цы, у Вашым жыцці і асабістай гісторыі? Ці можаце Вы ўзгадаць свой першы дзіцячы досвед міласэр­насці?

— Я бачу сваё жыццё праз прызму 16-га раздзела з кнігі прарока Эзэхіэля. Чытаю гэтыя старонкі і кажу сабе: «Але ж гэта ўсё, здаецца, напісана менавіта для мяне». Прарок кажа пра сорам, а сорам — гэта ласка. Калі чалавек перажывае Божую міласэрнасць, ён адчувае вялікі сорам за сябе самога, за свой грэх. Ёсць прыгожае эсэ вялікага мысляра ў галіне духоўнасці, айца Гастона Фессара, на тэму сораму. Яно апублікаванае ў яго кнізе «Дыялектыка духоўных практыкаванняў святога Ігнацыя Лаёлы». Сорам — адна з ласкаў, якую святы Ігнацый Лаёла рэкамендуе прасіць перад Хрыстом Укрыжаваным падчас споведзі. 

Гэты ўрывак з кнігі прарока Эзэхіэля вучыць нас адчуваць сорам за сябе, дазваляе нам яго адчуваць. Не адкідаючы гісторыю ўбоства і граху, Бог працягвае заставацца верным табе і ўздымае цябе. Менавіта гэта я адчуваю. 

У мяне няма падрабязных успамінаў са свайго ранняга дзяцінства, але ёсць успаміны з тых часоў, калі я ўжо быў падлеткам. Я ўзгадваю пра айца Карласа Дуартэ Ібарра, спаведніка, з якім я сустрэўся у сваёй парафіі 21 верасня 1953 года, у дзень, калі Касцёл узгадвае святога Мацвея, Апостала і евангеліста. Мне было сямнаццаць гадоў. Спавядаючыся ў яго, я адчуў, як мяне ахінае Божая міласэрнасць. Гэты святар паходзіў з Каррыентэс, але ў Буэнас-Айрэсе праходзіў курс лячэння ад лейкеміі. На наступны год ён памёр. Я памятаю, як пасля пахавальнага абраду і хаўтураў, вярнуўшыся дамоў, я адчуў сябе так, нібыта застаўся пакінуты. 

У тую ноч я шмат плакаў, зачыніўшыся ў пакоі. Чаму? Таму што страціў чалавека, які дапамог мне адчуць Божую міласэрнасць, гэтае Miserando atque eligendo («Выбірай, будучы міласэрным», дэвіз папы Францішка. — Рэд.), выраз, якога я ў той час не ведаў, але пазней выбраў сваім біскупскім дэвізам. Я сутрэў гэтыя словы пазней у гаміліях англійска­га манаха, святога Беды Вялебнага, які так апісваў пакліканне святога Мацвея: «Езус убачыў мытніка і, паглядзеў­шы на яго са спачуваннем і любоўю, выбраў яго і сказаў яму: “Ідзі за Мною”». Так звычайна перакладаюць словы святога Беды. Мне больш даспадобы перакладаць слова miserando герундыем, які існуе не ва ўсіх мовах: «будучы мі­ласэрным», «адараючы міласэрнасцю». Такім чынам, атрымліваецца: «будучы міласэрным да яго і выбіраючы яго», — так апісваецца пазіцыя Езуса, які адорвае міласэрнасцю, выбірае і вя­дзе за сабою.  <…>

Папа — гэта чалавек, якому патрэбная Божая міласэрнасць. Я кажу гэта шчыра, як казаў зняволеным мужчынам і жанчынам, якія так цёпла прымалі мяне ў балівійскай Пальмасоле (турма ў Балівіі з самым жорсткім рэжымам, якую Папа наведаў у ліпені 2015 года. — Рэд.). Я нагадаў ім, што святыя Пётр і Павел таксама былі вязнямі. У мяне асаблівыя адносіны з тымі, хто жыве ў турме і пазбаўлены свабоды. Я заў­жды адчуваў сябе вельмі блізкім да вязняў менавіта таму, што ўсведамляю сябе грэшнікам. Кожны раз, калі я ўваходжу ў дзверы вязніцы, каб цэлебраваць Імшу або наведаць зняволеных, у мяне ўзнікае думка: «Чаму яны, а не я? Я павінен быў бы знаходзіцца тут, я гэтага заслугоўваю. Іх упадкі маглі б быць маімі ўпадкамі, я не адчуваю сябе лепшым за тых, хто цяпер стаіць перада мною». І такім чынам я нібы малюся, паўтараючы: «Чаму ён, а не я?». Гэта можа прагучаць як выклік, але мяне суцяшае прыклад святога Пятра: ён адступіўся ад Езуса, але, нягледзячы на гэта, быў выбраны Яго наступнікам. 

— Чаму мы грашым?

— Таму што існуе першародны грэх. Гэта факт, які трэба прызнаць. Чалавецтва параненае. Мы ўмеем распазнаваць дабро і зло, ведаем, што з’яўляецца злом, імкнемся ісці шляхам дабра, але часта падаем з прычыны нашай слабасці і выбіраем зло. Гэта наступствы першароднага граху, якія мы цалкам усведамляем дзякуючы Божаму Аб’яўленню. Аповед пра грэх Адама і Евы, паўстанне супраць Бога, пра што мы чытаем у Кнізе Быцця, вобразнай мовай гавораць нам пра тое, што сапраўды адбылося на пачатку гісторыі чалавецтва. Айцец ахвяраваў свайго Сына, Езус прынізіўся ажно да таго, што пакутаваў, быў укрыжаваны і забіты, каб выбавіць нас ад граху, каб ацаліць ад гэтай раны. Таму мы ўрачыста называем гэтую віну шчасліваю (felix culpa) у спеве Exultet («Узрадуйцеся»), які гучыць у Касцёле падчас галоўнай урачыстасці года, у ноч Пасхі. Віна шчаслівая, таму што за яе мы атрымалі збаўленне. <…>

Касцёл асуджае грэх, таму што павінен казаць праўду. Касцёл гаворыць: «Гэта грэх». Але адначасова ён ахінае грэшніка, які прызнае свой грэх, Касцёл набліжаецца да яго, распавядае яму пра бясконцую міласэрнасць Бога. Езус прабачыў нават тым, хто ўзняў Яго на крыж і здзе­каваўся з Яго. Мы павінны вярнуцца да Евангелля. Мы ўбачым, што яно гаворыць не толькі пра сардэчнае прыманне або прабачэнне марнатраўнага сына, а называе гэта «цешыцца і весяліцца». 

<…> Паводле таго, што кажа Пан, Касцёл пакліканы распаўсюджваць сваю міласэрнасць на ўсіх, хто прызнае сябе грэшнікам, бярэ на сябе адказнасць за ўчыненае зло, адчувае, што яму патрэбна прабачэнне. Касцёл існуе ў свеце не для таго, каб абвінавачваць, а каб дазволіць чалавеку сустрэцца з бязмернай і безумоўнай любоўю, якою ёсць Божая міласэрнаць.


Пераклад з іспанскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле матэрыялаў іспанскіх рэлігійных інтэрнэт-часопісаў «Vida Nueva» http://vidanueva.es 
і «Religiуn Digital» http://www.periodistadigital.com

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней