З апостальскага ліста Porta Fidei папы Бэнэдыкта XVI

«Брамы веры» (пар. Дз 14, 27) заўсёды адчыненыя для нас. Яны вядуць нас да жыцця ў камуніі з Богам і дазваляюць увайсці ў Яго Касцёл. Гэты парог можна пераступіць, калі адбываецца абвяшчэнне Божага слова, а сэрца дазваляе фармаваць сябе ласкаю, якая перамяняе. Уваход у гэтыя брамы азначае выпраўленне ў шлях, што працягваецца ўсё жыццё. Ён пачынаецца хростам (пар. Рым 6, 4), дзякуючы якому мы можам клікаць Бога, звяртаючыся да Яго як да Айца, а заканчваецца падчас пераходу праз смерць у вечнае жыццё, якое з’яўляецца плёнам уваскрасення Пана Езуса. Праз дар Духа Святога Хрыстус хацеў далучыць да сваёй уласнай хвалы ўсіх, хто верыць у Яго (пар Ян 17, 22). Вызнаванне веры ў Найсвяцейшую Тройцу — Айца, Сына і Духа Святога — раўназначнае веры ў адзінага Бога, які ёсць Любоў (пар. 1 Ян 4, 8): у Айца, які ў паўнаце часу паслаў свайго Сына дзеля нашага збаўлення; у Езуса Хрыста, які ў таямніцы сваёй смерці і ўваскрасення адкупіў свет; у Духа Святога, які на працягу стагоддзяў вядзе Касцёл, што чакае вяртання Пана ў Яго хвале. <…>

Я пастанавіў абвясціць Год веры. Ён распачнецца 11 кастрычніка 2012 г., у пяцідзясятую гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, а скончыцца ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 года. На 11 кастрычніка 2012 г. прыпадае таксама дваццатая гадавіна выдання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, тэкст якога быў абнародаваны маім папярэднікам — благаслаўлёным папам Янам Паўлам ІІ для таго, каб паказаць усім вернікам моц і прыгажосць веры. <…>

З гэтай радаснай нагоды я хацеў бы заахвоціць сваіх братоў у біскупстве ва ўсім свеце далучыцца да Наступніка Пятра ў гэты час духоўнай ласкі, які дае нам Пан, каб узгадаць пра каштоўны дар веры. Мы хочам адзначыць гэты Год веры годна і плённа. Трэба больш інтэнсіўна звяртацца да рэфлексій на тэму веры, каб дапамагчы ўсім, хто верыць у Хрыста, станавіцца больш свядомымі і ажывіць сваю вернасць Евангеллю, асабліва ў перыяд радыкальных пераменаў, якія чалавецтва перажывае ў наш час. У нас будзе нагода вызнаваць веру ва ўваскрослага Пана ў нашых катэдрах і касцёлах ва ўсім свеце, у нашых дамах і сем’ях, каб кожны адчуў моцную патрэбу лепш зразумець і перадаць наступным пакаленням спрадвечную веру. Манаскія і парафіяльныя супольнасці, усе старыя і новыя касцёльныя рэальнасці знойдуць у гэтым годзе магчымасць публічна вызнаць сваё Credo. Мы хацелі б, каб гэты Год абудзіў у кожным верніку натхненне вызнаваць веру ў яе паўнаце і з адноўленай перакананасцю, з даверам і надзеяй.


Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней