Выйшла кніга айца Аляксандра Жарнасека «Памілаваныя»

У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла ў свет кніга айца Аляксандра Жарнасека, марыяніна, пад назваю «Памілаваныя». У кнізе аўтар дзеліцца сваім хрысціянскім і святарскім досведам, на прыкладзе многіх гісторый паказвае, наколькі мы залежныя ад Бога, наколькі вялікая любоў Бога да чалавека і наколькі мы бездапаможныя без Яго ласкі. У нейкім сэнсе, гэтая кніга, хутчэй, сведчанне пра дзеянне Бога, чым навучанне. І гэта невыпадкова, бо менавіта сведчанне часта нараджае і памнажае ў нас веру.


Замест прадмовы

Як адрозніць жаданні чалавека ад жаданняў Божага Сэрца? Гэтае пытанне задаюць многія вернікі. Рызыкую іх расчараваць, але і ў мяне таксама пераканаўчага ды арыгінальнага адказу на гэтае пытанне няма. Апроч аднаго: «У той момант, калі да твайго сэрца прамовіць Бог, тады ты сам і ўбачыш розніцу, і, магчыма, зразумееш, што ўсё астатняе было толькі чалавечым». Так, прынамсі, было са мною. Калісьці мне здавалася, што Бог дае мне нейкія прарочыя словы, дае пэўныя вобразы падчас малітвы. Мне хацелася лічыць усё гэта Яго голасам. Да таго часу, пакуль Ён не прамовіў да мяне надзвычай адчувальна, выразна. Гэта было ўжо не падобна ні на што іншае. І тады я зразумеў, і ўпэўнена прызнаў перад самім сабою, што да таго моманту ў мяне былі толькі чалавечыя жаданні, мары, фантазіі. Я адчуў Яго ў гэтым выразным кантрасце. Такі быў мой досвед. Зразумела, што і гэты выразны, канкрэтны для мяне момант Божага голасу я ўспрымаю толькі верай, а гэта значыць, што наўрад ці змагу камусьці штосьці дакладна патлумачыць, даказаць або пераканаць, нарэшце, апраўдацца перад тымі, хто мне не паверыць.

Штосьці падобнае адбылося і з гэтай кнігай, якую, спадзяюся, па міласці Божай я змог напісаць. Думкі пра тое, што трэба напісаць кнігу, суправаджалі мяне, бадай што, ад пачатку святарства. Розныя былі ідэі. Перыядычна я нават спрабаваў збіраць пэўны матэрыял, пасля знішчаў яго і адмаўляўся ад тых планаў як выключна чалавечых. Магчыма, нічога надта дзіўнага ў тым і не было, што падобныя думкі час ад часу мяне наведвалі. Можа, гэта і нармальна для сына пісьменніцы — думаць, што і ты некалі там нешта напішаш. Пазней былі прапановы некаторых маіх знаёмых выдаць кнігай розныя артыкулы альбо тэксты канферэнцый, прачытаных на аршанскім «Вінаградніку»*. Гэтыя прапановы былі больш рэальныя, але таксама чамусьці не надта захаплялі. І вось аднойчы, едучы ў машыне, я пачуў ад Яго слова — «памілаваныя». І ў тое ж імгненне я зразумеў, што я павінен напісаць кнігу з такой назвай. Я не ведаю, чаму я адразу пачаў думаць пра кнігу. Не ведаў яшчэ таксама, пра што будзе гэтая кніга. Але быў упэўнены, што мушу напісаць такую кнігу. Больш за тое, я выразна разумеў, што Бог нават не просіць мяне, а нібы сцвярджае той факт, што такая кніга з’явіцца. У мяне было дзіўнае адчуванне, што ў духоўным свеце, дзесьці там, перад Богам, гэтая кніга ўжо нібыта ёсць, а мне застаецца проста штосьці там крыху арганізаваць і завяршыць яе. Гэта і быў той кантраст, пра які я згадаў на самым пачатку. Гэта было не падобна на ўсе мае ранейшыя думкі пра кнігу, на ўсе прапановы і просьбы людзей штосьці напісаць. Усё было зусім інакш. Разумею, што і гэтыя разважанні гучаць для кагосьці не надта пераканаўча. Разумею, што кожны можа скептычна пакпіць: «Ці не на шмат ты прэтэндуеш? Бог папрасіў цябе напісаць кнігу? А больш нічога не прасіў?» І, тым не менш, нягледзячы на ўсю некамфортнасць гэтых развагаў, на слабую пераканаўчасць іх для некаторых чытачоў, можа, нават на незразумеласць гэтага ўступнага слова, я ўспрымаю гэтую кнігу як заданне ад Яго, як асабістае маё пакліканне. Магчыма, не меншае за святарскае і манаскае пакліканне.

Шчыра кажучы, падчас напісання кнігі ў мяне шмат разоў узнікала пытанне, навошта я гэта раблю. Былі думкі, што гэта не мая справа, што я не пісьменнік, што не змагу сказаць тое, што трэба і як трэба. Але ўсім гэтым чалавечым думкам і перажыванням увесь час супрацьстаяла толькі вера ў тое, што Ён сказаў мне гэта зрабіць.

Не ведаю чаму, але назва гэтай кнігі ў мяне адразу ж пачала пераклікацца з вядомым творам Віктора Гюго «Адрынутыя». Я пачаў чытаць гэты раман, спадзеючыся знайсці нейкую паралель з маёй задумай. Ды, прызнацца, вялікай сувязі я так і не знайшоў. Ці трэба казаць, што ў выніку я адназначна зразумеў, што сам я далёка не Гюго? Але я вельмі ўдзячны Пану за гэты твор — ён мяне захапіў. З многімі рэчамі я не згадзіўся, многія не зразумеў, але з радасцю прачытаў выдатную працу надзвычай таленавітага і неабыякавага чалавека. Раман выклікаў у мяне шмат думак, шмат пытанняў для роздуму. Чытаючы яго, мне ўвесь час хацелася казаць сабе і іншым, што тыя, ад каго адвярнуліся людзі, могуць быць памілаваныя Богам. Бо, як напісаў вялікі Віктор Гюго на самым пачатку твора: «Забіты людзьмі ўваскрашаецца Богам; выгнаны братамі зноў знаходзіць Айца. Маліся, вер, увайдзі ў вечнае жыццё! Наш Айцец там».


* «Вінаграднік» — аднадзённыя малітоўныя сустрэчы, што адбываліся ў Оршы, падчас якіх было навучанне і малітва заступніцтва.

Айцец Аляксандр Жарнасек MIC — святар з ордэна айцоў марыянаў. Прапаведнік і рэкалекцыяніст. Пачынаючы з 2000 года, цесна звязаны з рухам Адновы ў Духу Святым, што аказала вялікі ўплыў на фармацыю яго духоўнасці. У 2009–2020 гг. нёс святарскую паслугу ў калоніі №12 у Оршы, што таксама моцна ад - білася на ягоным духоўным вопыце. Арганізатар многіх курсаў і рэкалекцый для моладзі, сем ’яў і малітоўных сустрэчаў «Вінаграднік». Многія матэрыялы гэтых курсаў, а таксама аўдыёказанні змешчаныя на сайце аўтара www.viartannie.org.

 

Пытайцеся пра кнігу:

  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску;
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней