Выйшаў з друку новы нумар часопіса «Наша вера»
21.10.2022|Падзеі

Выйшаў новы, трэці ў гэтым годзе, нумар часопіса «Наша вера», аўтары якога — мастацтвазнаўцы, гісторыкі, паэты, мастакі і літаратуразнаўцы. Запрашаем набываць нумар у парафіяльных кіёсках і бліжэй пазнаёміцца са зместам часопіса.

Гэты нумар часопіса пачынаецца артыкулам Марыі Мідух «Пра людскія тытулы і Боскую іерархію» ў перакладзе з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.

Змешчаны Зварот Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з нагоды падрыхтоўкі да святкавання 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

Гісторыі цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай прысвечаны артыкул «Вяртанне святыні», падрыхтаваны паводле кнігі ксяндза Люцыяна Дамброўскага «Санктуарый Маці Божай Барунскай» (2007 г.).

Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі прапануе ўвазе чытачоў артыкул «Аздабленне іконы Будслаўскай Багародзіцы ў 1632–1783 гг.».

Мастацтвазнаўца Галіна Флікоп-Світа ў артыкуле «Феномен народнай іконы. Этапы вывучэння» цікава распавядае пра стварэнне, бытаванне і захаванне народных іконаў на землях Беларусі.

Унікальнай асобе Францыска Скарыны прысвечана эсэ мастака Міколы Купавы «Радзіма Францыска Скарыны — слаўны горад Полацк».

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы Дануты Бічэль, Васіля Жуковіча, Алеся Дзітрыха.

У рубрыцы «Асобы» пад назваю «Ісціна заўсёды надзённая і мінулаю не становіцца…» друкуецца гутарка Міхася Скоблы з паэтам Алесем Разанавым, якая адбылася незадоўга да смерці паэта.

90-годдзю з дня нараджэння вядомага даследчыка беларускай літаратуры Адама Мальдзіса прысвечаны артыкул Ірыны Багдановіч «„Духоўны заплечнік“ прафесара Адама Мальдзіса» і артыкул Язэпа Янушкевіча «З мінуўшчыны — у будучыню. Пуцявінамі Адама Мальдзіса».

У рыбрыцы «Постаці» змешчана эсэ гісторыка-архівіста Андрэя Шпунта «Ксёндз Русак».

Літаратуразнаўца Анатоль Трафімчык у артыкуле «Якуб Колас: каляндарныя каардынаты і храналогія творчасці» апавядае пра некаторыя цікавыя асаблівасці і творчыя звычкі народнага паэта Беларусі.

Сяргей Чыгрын у кароткім нарысе «Адам Станкевіч на паштоўках» піша пра выданні паштовак з выяваю вядомага каталіцкага святара і беларускага грамадска-палітычнага дзеяча.


Лідзія Камінская

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней