«Мы ўсе ведаем пра абавязак чалавека, асабліва хрысціяніна, працаваць, ведаем, што лянота — гэта грэх, а як ставіцца да занядбання адпачынку?»


Занядбанне адпачынку, адсутнасць часу на адпачынак, пастаяннае запаўненне часу толькі працаю — усё гэта сімптомы цэлага букету ўнутранай неўпарадкаванасці, якая незаўважна можа закрасціся ў жыццё хрысціяніна, але з якой неабходна змагацца.

Працагалізм

Калі чалавек мае час на ўсялякую працу, але не мае часу на адпачынак, калі ён не можа на нейкі час пакінуць працу, яму пагражае хвароба працагалізму. Працаголікам лічыцца чалавек, які апантана імкнецца самарэалізавацца шляхам няспыннай працы са шкодаю для іншых абшараў свайго жыцця. Найчасцей першымі сімптомамі працагалізму становіцца разбурэнне эмацыйных сувязяў з роднымі, сябрамі, з Богам. Такі чалавек дапускае адносіны з людзьмі і з Богам толькі ў кантэксце сваёй занятасці. Праца займае цэнтральнае месца ў яго жыцці. Праца вызначае час, месца яго прабывання, кантакты з іншымі людзьмі. Ад яе залежыць настрой, погляд на сябе і іншых. Фактычна праца ператвараецца ў боства, вакол якога ўсё круціцца і ад якога абсалютна ўсё залежыць. Працаголік не шануе свайго здароўя, сілы, часу, ігнаруе іншых людзей і іх патрэбы, яго няма ў сям’і, ён не мае часу для іншых людзей, нават для сябе, сваіх пачуццяў, духоўнасці, адносінаў. Паступова такі чалавек павышае колькасць сваёй працы, але ўсё больш страчваецца яе якасць і ўрэшце ён «выгарае»: духоўна, эмацыйна, псіхічна, фізічна. У выніку ён застаецца без сілаў, без творчых памкненняў, без яркіх пачуццяў, без выразных жаданняў, часам і без духоўнасці, без адносінаў з іншымі людзьмі. Гэты працэс своеасаблівага самазнішчэння падобны да кожнай іншай залежнасці: наркаманіі, алкагалізму і іншых праблемаў.

Прагнасць

Аднак адсутнасць часу (або нежаданне) на адпачынак — гэта не абавязкова сімптом працагалізму. Прычынаю можа быць іншая духоўная хвароба — прагнасць, у пары з якой ідуць хцівасць і сквапнасць. Гаворка ідзе аб нездаровым жаданні больш мець або быць большым. Хтосьці не дазваляе сабе адпачынак таму, што ўвесь свой час траціць на рэалізацыю сваіх прагненняў: прагненне грошай ці іншых матэрыяльных дабротаў (дамоў, аўтамабіляў, тэхнікі, мэблі, гаджатаў, адзення, антыкварыяту і г.д.). А можа быць імкненне да збірання лайкаў у сацыяльных сетках, тытулаў, славы, прафесій, пасадаў, узнагародаў. Існуе велізарнае мноства спосабаў рэалізацыі бяздоння прагнасці, але ўсяму гэтаму працэсу спадарожнічае адзін і той жа набор адмоўных рысаў: ненасытнасць, незадаволенасць, расчараванне і раздражненне. Няшчасныя тыя, хто цяжка працуе, каб пераўзысці суседа ў колькасці, якасці, пасадзе або проста за нешта адпомсціць, прынесці боль. Такая цяжкая працавітасць можа быць выразам схаванай агрэсіі, якая не вычэрпваецца пасля выканання працы, а толькі нарастае, узмацняе непрыманне і нежаданне бачыць свет у разнастайнасці яго колераў. Такія людзі насамрэч не маюць ні радасці, ні спакою, ні задавальнення ад сваёй працы.

Прагненне ўцячы

Прычынаю запрацаванасці і нежадання адпачываць можа быць замаскаванае прагненне ад чагосьці ўцячы. Людзі часам «уцякаюць у працу» ад цяжкіх адносінаў з блізкім чалавекам, ад асабістых праблемаў. Праца дапамагае ім часова забыць пра рэальнасць, узмацніць пачуццё ўласнай вартасці, заняць час, запоўніць невыносную ўнутраную пустату. Такія людзі нават баяцца часу «без працы», бо гэта вяртае іх у рэальнасць, ад якой яны ўцякаюць, агаляе створаную імі ж унутраную пустэчу, якую няма чым запоўніць. Яны баяцца сустрэчы з рэальнымі людзьмі, асабліва па-за працаю, баяцца сапраўдных сябе па-за працаю. Яны патанаюць у сваім выдуманым свеце, каб даўжэй не бачыць рэальнасць, якую з усіх сіл імкнуцца дэманізаваць.

Непаўнавартасць

Запрацаванасць можа быць уцёкамі не толькі ад чагосьці, але і да чагосьці. Некаторыя ў працы шукаюць магчымасць суцешыць сябе думкаю, што яны вартыя чагосьці большага, адчуць сябе творцам, панам, кіраўніком, які штосьці кантралюе. Праца прыносіць ім пачуццё хоць нейкага сэнсу ў акіяне іх бессэнсоўнасці. Такія людзі ўспрымаюць іншых людзей як інтрузаў, канкурэнтаў і ворагаў. У лепшым выпадку бліжні для іх — гэта прылада, якую можна выкарыстаць для выканання задуманай працы. Яны не могуць знайсці ўласнай (і іншых) вартасці ні ў чым, акрамя працы, і не ведаюць іншага прыгожага, разнастайнага свету, які б іх задаволіў, акрамя цяжкага свету працы і эфектаў ад працы. Гэтыя людзі стварылі сабе «пракляты рай», які ў душы ненавідзяць, але без якога не ўмеюць жыць.

Вучыцца адпачываць

Як гэта ні парадаксальна, але сучаснаму чалавеку, у тым ліку хрысціяніну, трэба вучыцца адпачываць. Усё больш людзей гэта разумее. Аказваецца, тэхналагічна развіты свет і слаба развітыя міжасабовыя адносіны пагражаюць нашай здольнасці нармальна функцыянаваць, не спрыяюць здароваму балансу паміж працаю і адпачынкам. Летні перыяд адпускоў з’яўляецца добраю нагодаю для рэгулявання гэтага жыццёвага балансу паміж актыўнасцю і пошукам магчымасцяў рэгенерацыі сваіх сілаў.

Галоўнае, пра што варта памятаць хрысціяніну ў арганізацыі адпачынку і карэкціроўцы працы, — гэта першая Божая запаведзь: ёсць толькі адзін Бог, і Яго нішто не можа засланіць (пар. Зых 20, 2-5; Мц 4, 10; ККК, 2083-2086). Усялякая неўпарадкаванасць жыцця імкнецца заняць месца Бога, сканцэнтраваць на сабе ўсе сілы, час, увагу. Тут варта ўзгадаць вядомы прынцып св. Аўгустына: «пастаў Бога на першае месца, і тады ўсё стане на сваё месца». Калі спачатку малітва, а пасля праца; калі спачатку нядзеля, а пасля працоўны тыдзень; калі спачатку св. Імша, а пасля пікнік, тады і праца, і адпачынак становяцца адпаведнымі і займаюць належнае ім месца ў жыцці.

Па-другое, варта памятаць, што няма ніякай працы, якая была б важнейшаю за асобу: Бога і чалавека (пар. Ян 13,34). Калі ў сваёй актыўнасці, але і ў адпачынку не забываць пра тое, што шчаслівыя не адзінокія, а тыя, хто мае з кім падзяліць сваё шчасце, тады і праца, і адпачынак прыносяць сапраўдную асалоду, бо сапраўдная радасць не ў выкананых дзеяннях або бяздзеянні, а ў перажыванні ўсяго гэтага разам з іншаю жывою асобаю.

Па-трэцяе, варта не забы­ваць, што сапраўдны адпачынак — гэта не поўнае бяздзеянне, а змена спосабу актыўнасці. Адпачынак неабходны нам для рэгенерацыі ўсіх сілаў: і духоўных, і інтэлектуальных, і маральных, і фізічных. Неабходна даць сабе магчы­масць вынырнуць з віру што­дзённай занятасці, каб паглядзець на сябе збоку, даць сабе магчымасць новага далягляду, пераасэнсавання, карэкціроўкі іерархіі каштоўнасцяў і прыярытэтаў (пар. Мц 25,14-30). Усё гэта немагчыма ў мітусні і руціне. Добрая праца патрабуе момантаў творчага адпачынку, змены асяроддзя, новага месца, адкрыцця непаўторнага свету іншых людзей, канкрэтнага месца на час без працы.

Ёсць штосьці вельмі павучальнае ў тым, як Біблія апісвае працу Бога падчас стварэння свету (пар. Быц. 2, 2-3). Бог меў канкрэтную справу для выканання, якую і рэалізаваў. Пісанне падкрэслівае, што пасля скончанай творчай працы Пан Бог адпачываў. Гэта быў спецыяльны час, каб паглядзець на плады сваёй працы, ацаніць іх, пацешыцца імі і падумаць пра будучыню. Ці не такога добрага, святога адпачынку шукае наша душа? Варта з Божаю дапамогаю арганізаваць яго сабе (трэба толькі захацець), запланаваць і здзейсніць.


Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша

Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней